У ноч з 4 на 5 лістапада невядомыя асобы абрабавалі рэдакцыю рэгіянальнай
баранавіцкай газэты “Шаг”. Рабаўнікі вынесьлі пяць кампутараў з маніторамі,
два прынтэры ды іншую аргтэхніку. Адна з вэрсіяў здарэньня – спроба сарваць
выданьне адзінай ў Беларусі штодзённай рэгіянальнай незалежнай газэты.
Паводле ахоўнікаў офісу, дзе месьціцца рэдакцыя, чацьвёра злачынцаў
на досьвітку 5 лістапада напалі на яго, зьбілі і зьвязалі. Пагражаючы пісталетам,
яны запатрабавалі ключы ад кабінэтаў. Даведаўшыся, што ў ахоўніка ключэй
няма, рабаўнікі ўзламалі дзьверы рэдакцыі, вынесьлі з памяшканьня аргтэхніку
ды, пагрузіўшы яе ў аўтамабіль, зьніклі з месца злачынства.
Рэдактар газэты “Шаг” Аляксандар Лабкоў лічыць, што ва ўсёй гэтай гісторыі
ёсьць некалькі момантаў, якія ніяк не дазваляюць успрымаць яе як звычайнае
рабаваньне.
Па-першае, у будынку, дзе месьціцца рэдакцыя газэты, знаходзяцца офісы
некалькіх камэрцыйных фірмаў. А насупраць ўзламаных дзвераў рэдакцыі –
склад тавараў, кошт якіх вымяраецца ў дзясятках тысячах даляраў. Аднак
нічога гэтага злачынцы нават не зачапілі.
Па-другое, рабаўнікі не ўзялі ні факсавы апарат, ні картрыджы, што ляжалі
навідавоку, а зьнесьлі толькі тую тэхніку, што ўтрымлівала ў сабе інфармацыю.
Нарэшце, вартаўнік сьцьвярджае, што калі ён ляжаў зьбіты на падлозе,
дык выразна бачыў на злачынцах вайсковага ўзору абутак і адзеньне.
Зыходзячы з усяго пералічанага, Аляксандар Лабкоў схільны лічыць, што
гэтае злачынства мае палітычны характар. Газэта “Шаг” з верасьня бягучага
году – першая ў Беларусі з рэгіянальных недзяржаўных газэтаў пачала выходзіць
штодзённа. Яна складае сур’ёзную канкурэнцыю афіцыйнай прэсе.
Алесь Горбач, Баранавічы
Самае папулярнае
1