Менскі гарадзкі выканкам не дазволіў абедзьвюм Камуністычным партыям
правесьці 7 лістапада дэманстрацыю па праспэкце Францішка Скарыны й мітынг
на пляцы Незалежнасьці. Камуністы пакрыўдзіліся ды ўвогуле адмовіліся ад
усялякіх вулічных акцыяў да гадавіны кастрычніцкага перавароту ў Расеі.
Напярэдадні 7 лістапада, прадстаўнікі Камуністычнай партыі Беларусі
(Віктара Чыкіна), і Партыі камуністаў Беларускай (Сяргея Калякіна) накіравалі
ў гарадзкі выканкам заяўкі з просьбаю дазволіць ім правесьці акцыі ў цэнтры
Менску. Апазыцыйныя камуністы з ПКБ хацелі прайсьці ад Цэнтральнага ці
Кастрычніцкага пляцу да пляцу Незалежнасьці, праўрадавыя камуністы з КПБ
— у адваротным кірунку, ад пляцу Незалежнасьці да пляцу Перамогі.
Аднак сталічныя ўлады сьвята камуністам сапсавалі. Гарадзкі выканкам
дазволіў КПБ правесьці мітынг на пляцы Бангалёр, а ПКБ — на пляцоўцы ля
прахадной Трактарнага заводу. Паводле памочніка намесьніка старшыні менскага
гарадзкога выканкаму Анатоля Астахава, акцыі на цэнтральных пляцах сталіцы
праводзяцца толькі ў дні дзяржаўных сьвятаў, а 7 лістапада ёсьць толькі
сьвятам афіцыйным, што не адное й тое ж. (Нагадаю, што ў якасьці афіцыйнага
сьвята дзень 7 лістапада быў зацьверджаны Вярхоўным Саветам 12-га скліканьня
па прапанове Аляксандра Лукашэнкі ўвесну 1995 году.) Усе апошнія гады камуністы
ладзілі свае дэманстрацыі менавіта ў цэнтры Менску.
Атрымаўшы адмову, апазыцыйныя і праўрадавыя камуністы пакрыўдзіліся,
і вырашылі навогул не праводзіць ніякіх вулічных акцыяў — толькі сходы.
Цікава, што прадстаўнікі і ПКБ, і КПБ вінавацяць улады ў наўмысным зрыве
сьвяткаваньня 7 лістапада. Гаворыць сакратар ЦК ПКБ Алена Скрыган:
(Скрыган: ) “І на 1 мая не было ніякіх дэманстрацыяў па цэнтральным
праспэкце гораду Менску. Ужо не дазволена і на 7-га. Чаму? Мы лічым, што
вельмі ясна і зразумела. Таму што гучаць непрыемныя словы для ўладаў нават
на гэтых сьвятах. Нерыемныя словы, і непрыемныя лёзунгі”.
Лічыць Алена Скрыган.
А вось меркаваньне кіраўніка справаў ЦК КПБ Леаніда Школьнікава:
“Нам здаецца, што нейкая частка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі хоча
выклікаць незадаволенасьць. Ні для каго не сакрэт, што ў нас ёсьць левы
электарат. Вось, відаць, і хочуць выклікаць незадаволенасьць левага электарату
напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў”, — заявіў Леанід Школьнікаў.
Камуністы–чыкінцы накіравалі, з нагоды забароны мітынгу й шэсьця ў цэнтры
Менску адмысловы зварот у адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваньнем
знайсьці й пакараць вінаватых у зрыве іхных акцыяў.
Альгерд Невяроўскі, Менск
Самае папулярнае
1