Кіраўнікі бальшыні апазыцыйных палітычных партыяў, што ўваходзяць у
Каардынацыйную раду дэмакратычных сілаў, падпісалі й накіравалі сёньня
зварот да Беларускай Сацыял-Дэмакратычнае партыі «Народная Грамада». Яны
просяць партыю перагледзець сваё афіцыйнае прадстаўніцтва ў Каардынацыйнай
радзе, бо, на іхную думку, цяперашні прадстаўнік — кіраўнік партыі Мікола
Статкевіч — будзе паралізаваць працу Рады.
“Старшыня БСДП Статкевіч, ігнаруючы рашэньне сваёй партыі, узяў удзел
у выбарчым фарсе. Гэта дазволіла ўсялякага кшталту маніпулятарам (…) заяўляць
пра ўяўны раскол беларускай апазыцыі”, — канстатуецца ў звароце сяброў
КРДС да Беларускае Сацыял-Дэмакратычнае партыі «Народная Грамада».
Далей у дакумэнце напісана: “зацікаўленыя прадстаўніцтвам БСПД у Радзе,
мы, аднак не бачым магчымасьці супрацы ў рамках КРДС з тымі, хто актыўна
агітаваў за выбары і абражаў удзельнікаў байкоту. Далейшы ўдзел асабіста
спадара Статкевіча ў паседжаньнях КРДС будзе паралізаваць нашую працу”.
Напрыканцы звароту выказваецца просьба да Беларускае Сацыял-Дэмакратычнае
партыі перагледзець сваё афіцыйнае прадстаўніцтва ў Каардынацыйнай радзе.
Гэты зварот зьявіўся пасьля ўчорашняе дыскусіі на паседжаньні Каардынацыйнае
рады ў сувязі з рашэньнем БСДП дазволіць сваім сябрам удзельнічаць у паўторных
выбарах у «Палату прадстаўнікоў».
Сябра Цэнтральнага камітэту БСДП «Народная Грамада» Віталь Малашка расцэньвае
зварот кіраўнікоў дэмакратычных арганізацыяў як умяшаньне ў нутраныя справы
партыі:
(Малашка: ) «Паводле статуту, Статкевіч павінен прадстаўляць партыю
ў розных структурах, і неяк зямяніць яго, мне здаецца, неразумна і, больш
за тое, фантастычна».
Лідэр Беларускае Сацыял-Дэмакратычнае Грамады Станіслаў Шушкевіч, які
цяпер старшынюе ў Каардынацыйнай радзе дэмакратычных сілаў, тлумачыць зьяўленьне
звароту неабходнасьцю захаваць кааліцыю дэмакратычных сілаў:
(Шушкевіч: ) «Трэба ачышчьціца ад тых, хто перашкаджае адзінай апазыцыі.
І калі з 14-ці суб’ектаў толькі адзін чалавек выпадае з гэтай абоймы, толькі
адзін чалавек фактычна зрывае агульнае рашэньне, ну дык ёсьць толькі адзін
выхад – трэба яго адкінуць. Іншага я ня бачу».
Кіраўнік апазыцыйнай да Міколы Статкевіча фракцыі БСДП “За адзінства”
Аляксей Кароль згодны, што ва ўмовах прэзыдэнцкае кампаніі, якая практычна
ўжо распачалася, дэмакратычным сілам перадусім неабходна захаваць адзінства:
(Кароль: ) «Галоўная ўмова перамогі на гэтым рашаючым этапе – гэта,
вобразна кажучы, стварэньне партыі апазыцыі з вылучэньнем адзінага кандыдата.
Калі мы не зразумеем гэтага, ня створым і не захаваем гэтую партыю апазыцыі,
то лукашызм можа чакаць нас на доўгія часы наперадзе».
Стала вядома, што прадстаўнікі аб’яднаньняў, якія ўваходзяць у Каардынацыйную
раду дэмакратычных сілаў, маюцца вярнуцца да абмеркаваньня гэтак званае
“праблемы Статкевіча” на сваім наступным паседжаньні.
Але папярэдне плянуецца сустрэча аўтараў сёньняшняга звароту зь кіраўніцтвам
Беларускае Сацыял-Дэмакратычнае партыі. Аднадумцы Міколы Статкевіча выключаюць
магчымасьць адмены свайго рашэньня ўдзельнічаць у паўторных выбарах і зьмены
прадстаўніка партыі ў КРДС.
Ягор Маёрчык, Менск
Самае папулярнае
1