Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У сераду вечарам былому ізраільскаму прэм’еру Шымону Пэрасу ўдалося дасягнуць таго, чаго ня здолелі зрабіць іншыя ізраільскія палітыкі. Ён сустрэўся зь лідэрам Палестынскай Аўтаноміі Ясірам Арафатам і дамовіўся зь ім аб спыненьні гвалту і вяртаньні да стала перамоваў.

Аднак чарговыя ахвяры ўзмацняюць заўзятасьць і непрымірымасьць па абодвух бакох і могуць зьвесьці на нішто ўсе чарговыя ініцыятывы.

Сытуацыя дасягнула крытычнага ўзроўню. Лідэры адчуваюць, што могуць страціць кантроль над сытуацыяй і краіна можа апусьціцца ў хажлівае кровапраліцьцё. Гэта апошняя магчымасьць прадухіліць такі сцэнар” – заявіў Шымон Пэрас. Пасьля ягоных перамоваў з Арафатам зьявілася некаторая надзея на зьмякчэньне супрацьстаяньня.

Ізраільская армія пачала адводзіць свае танкі ад палестынскіх гарадоў, а ўлады палестынскай аўтаноміі заклікалі найбольш гарачую моладзь да стрыманасьці. Учора Эхуд Барак і Ясір Арафат павінны былі адначасова выступіць з заклікамі да спыненьня гвалту і падбухторваньня да яго, аднак ня выступілі, абмяжаваўшыся асобнымі неканкрэтнымі заявамі. Далейшае разьвіцьцё падзеяў азмрочылі чарговыя трагічныя інцыдэнты.

Абстаноўку падагрэлі паховіны чарговых 6-ці палестынцаў. Учора ў выніку выбуху бомбы на галоўным ерузалімскім рынку Маганэ Егуда загінулі двое ізраільцянаў, і 11-ць былі параненыя . Сярод забітых аказалася дачка вядомага апазыцыйнага палітыка, лідэра партыі “Мафдал” Іцхака Леві. Прэм’ер Ізраіля Барак усклаў адказнасьць за інцыдэнт на палестынскія ўлады, якія выпусьцілі з турмаў актывістаў радыкальных груповак “Хамас” і “ Ісламскі Джыхад”. Барак запатрабаваў ад палестынскіх уладаў паўторна пасадзіць іх за краты і аднавіць барацьбу з тэрарызмам. “Падобныя атакі ня зломяць нашага духу, вытрымкі і рашучасьці жыць у міры і бясьпецы” – сказаў Эхуд Барак. Дарэчы, некалькі гадзін пасьля выбуху, адказнасьць за арганізацыю тэракту ўзяла на сябе групоўка “Джыхад”.

Выглядае, што наступіла ўжо тое перад чым перасьцерагаў Шымон Пэрас. Палітыкі ўжо не цалкам кантралююць сытуацыю. Ясір Арафат асудзіў тэракт, аднак лідэр Хамасу, Шэйк Ахмэд Ясін заявіў адваротнае: “Гэта помста за дзеяньні Ізраіля. Калі яны бамбуюць жанчынаў, старых і дзяцей у іхных хатах, дык павінны ведаць, што людзі маюць права бараніць сябе” – сказаў ён. Гнеў і ваяўнічасьць здамінавалі і настроі ізраільцянаў. “Мы ня хочам міру з забойцамі. “Сьмерць Арабам” – крычалі яны пасьля выбуху.

Не зважаючы на факт, што сытуацыя паступова выходзіць з-пад кантролю, Ізраіль ня хоча міжнароднага ўмяшаньня ў канфлікт. Міністар замежных справаў Ізраіля Шломо Бэн-Амі заклікаў кіраўніцтва Палестыны “перастаць гуляць у палітычныя гульні і засяродзіцца на спыненьні гвалту шляхам двухбаковага дыялёгу”.
Учора, у часе гутаркі з журналістамі пасьля сустрэчы з генэральным сакратаром ААН Кофі Ананам ён адзначыў, што “палестынцы павінны перастаць настойваць на прыняцьці розных рэзалюцыяў ААН”.

Справа ў тым, што палестынскі прадстаўнік у ААН Насэр-аль-Кідва заклікаў Раду Бясьпекі ААН стварыць і разьмясьціць на акупаваных тэрыторыях, уключна з Ерузалімам, міратворчы кантынгент для аховы палестынцаў. У наступную сераду Рада Бясьпекі ААН мае абмеркаваць гэтае пытаньне. Аднак Шломо Бэн Амі заявіў, што Радзе Бясьпекі няма патрэбы прымаць такое рашэньне і дарэчы, як заявіў амэрыканскі пасол у ААН Рычард Голбрук, падобнай рэзалюцыі супрацівяцца Злучаныя Штаты. “Усё, што мы павінны зрабіць, гэта проста спыніць гвалт, выканаць цалкам дамоўленасьці з Шарм-Эль-Шэйх і аднавіць працэс мірнага ўрэгуляваньня,” – сказаў ізраільскі міністар.

На сёньняшні дзень у часе 5-ці тыдняў бяспарадкаў і сутычак загінулі амаль 170 чалавек, і выглядае, што гэта яшчэ не канец.

Кастусь Бандарук, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG