Афіцыйныя крыніцы даюць вельмі сьціслую інфармацыю
пра візыт у Лівію беларускае дэлегацыі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам.
Незалежныя экспэрты лічаць, што асноўнай тэмаю перамоваў было ваенна-тэхнічнае
супрацоўніцтва.
Сёньня пра вынікі візыту беларускае дэлегацыі ў Лівію журналістам распавядаў
прэсавы сакратар Аляксандра Лукашэнкі Мікола Барысевіч. Нагадаем, што Барысевіч
прыйшоў на гэтую пасаду з МЗС. Пасьля брыфінгу мне згадалася выслоўе, што
галоўная задача дыплямата — сказаўшы шмат, не сказаць нічога па-сутнасьці.
Прэсавы сакратар Аляксандра Лукашэнкі, здаецца, добра авалодаў гэтай навукаю.
Так, Барысевіч паведаміў, што Лівійска-арабская кампанія замежных інвэстыцыяў
(LAFIKA) возьме ўдзел у рэканструкцыі МАЗу. Ён, аднак, не назваў ніякіх
канкрэтных ці хаця б прыблізных лічбаў заплянаваных інвэстыцыяў. Прэсавы
сакратар таксама распавёў, што будзе створаны супольны беларуска-лівійскі
банк на ўмовах роўнага ўкладаньня капіталу, але зноў-такі не паведаміў
лічбаў.
Не адказаў спадар Барысевіч і на шматлікія пытаньні журналістаў пра
ваеннае супрацоўніцтва. Ён заўважыў, што гэтыя праблемы закраналіся на
перамовах толькі ў агульным пляне. Барысевіч ухіліўся ад адказу на пытаньне,
ці падпісаў што-небудзь у Лівіі сакратар Рады Бясьпекі Віктар Шэйман.
Кожны сябра беларускае дэлегацыі браў удзел у нейкіх афіцыйных сустрэчах
і перамовах зь лівійскімі калегамі. Гэта й міністар замежных справаў Урал
Латыпаў, і міністар прамысловасьці Ўладзімер Харлап, і кіраўнік Менскага
гарадзкога выканкаму Ўладзімер Паўлаў. І толькі Віктар Шэйман не пакінуў
аніякіх афіцыйных сьлядоў пад час візыту.
Паспрабуем самастойна запоўніць недахоп афіцыйнай інфармацыі ў гэтай
галіне. Як лічыць ваенны экспэрт газэты “Белорусский рынок” Аляксандар
Алесін, Беларусь у дачыненьнях зь Лівіяй можа выконваць ролю пэўнага пасярэдніка.
Надоечы ў прэсе зьявілася інфармацыя, што Каддафі зьвярнуўся да Расеі з
просьбаю пра мадэрнізацыю сваёй баявой тэхнікі. За гады міжнароднай ізаляцыі
Лівіі тэхнічны стан узброеных сілаў гэтае краіны значна пагоршыўся, і цяпер
Трыпалі мае вострую патрэбу ў абнаўленьні, найперш танкаў і самалётаў.
Пасьля красавіка, калі міжнародныя санкцыі супраць Лівіі былі прыпыненыя,
рэзка ўзрасла дыпляматычная актыўнасьць як Захаду, гэтак і Расеі. І калі
Расея пакуль ня хоча “сьвяціцца”, ісьці на канфлікт з Захадам з-за ваенных
сувязяў з адыёзнымі рэжымамі, дык Лукашэнка ня надта пераборлівы ў замежнай
палітыцы.
Да таго ж Беларусь можа адхапіць у Лівіі і сваю долю ваенных замоваў.
Размова йдзе найперш пра рамонтныя паслугі й выраб некаторых кампанэнтаў
для баявой тэхнікі — сыстэмы кіраваньня агнём, кіраваньня войскамі й зброяй.
Ну й канешне, пасьля візыту беларускага кіраўніцтва можна зноў чакаць
лівійскіх студэнтаў у беларускіх ваенных навучальных установах. Асаблівую
патрэбу Лівія мае ў падрыхтоўцы афіцэраў супрацьпаветранай абароны.
Так што, негледзячы на афіцыйныя паведамленьні, выглядае, што менавіта
ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва — найбольш прывабная галіна ў беларуса-лівійскіх
стасунках. Што да цывільнае прамысловае прадукцыі, дык Лівія ня вельмі
зацікаўленая ў яе набыцьці ў Беларусі. Багатыя арабскія краіны маюць грошы,
каб купляць якасныя заходнія тавары й тэхналёгіі.
Віталь Цыганкоў, Менск
Самае папулярнае
1