Камітэт правоў чалавека ААН прызнаў парушэньне правоў магілеўца Ўладзімера
Лапцэвіча, які ў сакавіку 1997 году быў аштрафаваны за распаўсюджаньне
ўлётак да Дня Волі. Прабачэньне і кампэнсацыю ад беларускіх уладаў ён мусіў
атрымаць ад беларускіх уладаў у трохмесячны тэрмін, але гэтага так і не
адбылося.
Уладзімер Лапцэвіч, сябар Сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада),
тры гады таму заплаціў 390 тысячаў беларускіх рублёў (тры мінімальныя заробкі)
за распаўсюджваньне, паводле афіцыйнай вэрсіі, друкаваных выданьняў, што
вырабленыя з парушэньнем устаноўленага парадку. Сам спадар Лапцэвіч сьцьвярджае,
што праблема палягала не ў адсутнасьці выходных дадзеных, але ў зьмесьце
ўлётак. Ён палічыў парушанымі свае канстытуцыйныя правы на свабоду думкі
і распаўсюджваньне інфармацыі і абскарджваў судовае рашэньне. Але яму адмовілі
і ў абласным, і ў Вярхоўным судзе.
Пасьля гэтага Лапцэвіч зьвярнуўся ў камітэт правоў чалавека ААН і цяпер
зьяўляецца адзінай прыватнай асобай у Магілеўскай вобласьці, якая мае пацьверджаньне
парушэньня правоў такога ўзроўня.
Уладзімер атрымаў дакумэнты камітэту ААН у ліпені. Камітэт правоў чалавека
даслаў іх таксама і ў міністэрства замежных справаў. Пастановы камітэту
Беларусь павінна выконваць як удзельніца міжнароднага пакту грамадзянскіх
і палітычных правоў 1966 году, паводле якога нашая дзяржава ў трохмесячны
тэрмін абавязаная была забясьпечыць магілеўца Лапцэвіча эфэктыўнымі сродкамі
прававой абароны, у тым ліку кампэнсацыю ўсіх выдаткаў. Трэба было таксама
прыняць захады для прадухіленьня падобных павапарушэньняў у будучыні і
паведаміць пра іх у камітэт ААН.
Уладзімер Лапцэвіч не атрымаў ні прабачэньня, ні грошай. Ён спадзяецца,
што рана ці позна атрымае пацьверджаньне мясцовых органаў аховы парадку
аб тым, што ён не парушаў закон, а яны памыліліся. Зараз, паводле парады
магілеўскіх праваабаронцаў, Уладзімер ізноў рыхтуе зварот у камітэт правоў
чалвека ААН.
Марыя Ўсьціновіч, Магілеў
Самае папулярнае
1