Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Васіль Старавойтаў працягвае змагацца зь беларускімі ўладамі. Цяпер ён спрабуе адстаяць сваю дачу ў Крыме. Як і іншую маёмасьць былога кіраўніка кіраўскае гаспадаркі “Расьвет”, атачэньне Лукашэнкі імкнецца канфіскаваць гэтую дачу. Наш карэспандэнт наведаў у Мышкавічах нядаўняга вязьня й пацікавіўся падрабязнасьцямі як гэтае справы, гэтак і цяперашнім жыцьцём знакамітага аграрніка…

Як паведаміў Васіль Старавойтаў, у Вярхоўным судзе Ўкраіны неўзабаве мае адбыцца слуханьне ягонае скаргі на рашэньне суду аўтаномнае Рэспублікі Крым наконт перадачы ва ўласнасьць Беларусі ягонага лецішча.

(Старавойтаў: ) “У мяне ў Крыме ёсьць чатырохпакаёвая кватэра. Ну, як вы думаеце: я сорак гадоў прапрацаваў – няўжо ж я зусім жабраком быў? Вядома, у мяне былі грошы. І ў Крыме я пабудаваў сабе кватэру. Звычайная, нічым не выдзяляецца, але я люблю прыгожа будаваць, ахайна. Усё просьценька. Усё за свае грошы: нідзе ня вызначылі, што я нешта ўзяў на кватэру на гэтую. Стары Крым – там бэтонны завод, і там куплялі сьцены, камень, туф – такога ў Беларусі няма кар’ера. І сьцены з ракушачніка таксама – бачна, што адтуль матар’ялы.”

Старавойтаў паведаміў, што пытаньнем канфіскацыі крымскае дачы найбольш актыўна займаецца намесьнік міністра ўнутраных справаў Леанід Глухоўскі. Не без ягонага ўдзелу крымскі суд задаволіў жаданьні беларускіх уладаў. Спроба прадстаўнікоў Старавойтава давесьці крымскаму суду, што экс-кіраўнік “Расьсвету” – ахвяра палітычнага перасьледу ў Беларусі – посьпеху ня мела. Аднак, зараз Старавойтаў спадзяецца, што ўкраінскі Вярхоўны суд у Кіеве перагледзіць гэтае рашэньне.

У Мышкавічах нядаўні палітычны вязень жыве, паводле ягоных словаў, з адной надзеяй – што ўлада Лукашэнкі некалі скончыцца, і ён зможа вярнуцца да актыўнага жыцьця. А пакуль што ў двойчы Героя Працы – цяжкія будні:

(Старавойтаў: ) “Пэнсія 21 мільён, і ўсё, больш нічога няма, жонка нідзе не працуе. Вось градкі: цыбуля, бульба, морква, буракі – гэта нашая крыніца жыцьця”.

(Стэльмак: ) “А як складаюцца вашыя адносіны зь цяперашнім старшынём “Расьсьвету” Валерыям Івановым?”

(Старавойтаў: ) “Да мяне Іваноў добра ставіцца. Я яго ні ў чым не вінавачу – ён ня ведаў “Расьсьвету”. Яго прынялі пад воплескі: як бульбу пасадзіць – ведае, як кароваў даіць – ведае, яму здаецца, што гэта і ўсё. Не – гэтага мала. Глядзіць: прыгожа, сьцяжынкі роўныя… А я 18 гадоў бульдозэрам раўняў тут усё.”

(Стэльмак: ) “Не магу не задаць пытаньне: калі б лёс даў вам магчымасьць яшчэ раз узначаліць “Расьсьвет” – вы б пайшлі ранейшым шляхам, узяліся б за стварэньне пры “Расьсьвеце” шматлікіх прадпрыемстваў аграпрамысловага тыпу, аднавілі б “Расьсвет” як шматпрофільную аграпрамысловую фірму?”

(Старавойтаў: ) “Тое, што было зробленае ў “Расьсьвеце” – палавінчатае. Цяпер трэба іншае – значна глыбейшае. Я не хачу адкрываць гэтага. Абавязкова трэба, каб была іншая форма ўласнасьці, а цяперашняя ня можа жыць. Усё павінна быць у прыватных руках”.

Міхал Стэльмак, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG