29 травеня больш, як 250 рабочых Магілеўскага заводу “Зеніт” накіравалі
адкрыты ліст у адміністрацыю Лукашэнкі, у Міністэрства прамысловасьці,
а таксама прэм’ер-міністру Ярмошыну. У першую чаргу яны патрабуюць выплаты
заробкаў паводле калектыўнай дамовы, ліквідацыі прастояў, рэалізацыі гатовай
прадукцыі і аздараўленьня фінансава-эканамічнай сытуацыі на прадпрыемстве.
Як стала вядома, апошні раз рабочым выплацілі заробак толькі за сакавік,
ды й тое часткова. Асобныя з падпісантаў вырашылі не абмяжоўвацца толькі
адкрытым лістом, але і накіравалі заяву ў суд з патрабаваньнем выплаціць
ім заробак за апошнія месяцы. Такія зыскі падрыхтавалі больш як 40 актывістаў
свабоднага прафсаюзу – працаўнікоў заводу “Зеніт”.
Рабочыя лічаць, што сацыяльная напружанасьць на прадпрыемстве ўзьнікла
ня толькі па віне міністэрства прамысловасьці, але і з-за мясцовай улады,
якая не зьвяртае ўвагі на праблемы заводу. Паводле іхнай думкі, зьмены
кіраўнікоў нічога не даюць. У траўні па асабістым жаданьні звольнены генэральны
дырэктар прадпрыемства Аляксандр Новікаў, які прапрацаваў крыху больш як
6 месяцаў.
Вось як пракамэнтаваў сытуацыю лідар свабоднага прафсаюзу заводу Аляксандр
Каралёў: “На жаль, рабочым ад гэтага ня лепш, а есьці хочацца заўжды і
пры любой уладзе. Відаць, з-за адсутнасьці пэрспэктываў колькасьць рабочых
кожны год зьмяншаецца. Летась звольнілі больш як дзьве сотні.”
Рабочыя патрабуюць ад ураду, адміністрацыі і міністэрства прамысловасьці
неадкладных мераў па стабілізацыі на прадпрыемстве, дапамогі працоўнаму
калектыву ў пераадольваньні крызісу. Аднак, магілёўскія рабочыя спадзяюцца
ня толькі на дапамогу зь Менску, але і на ўласныя сілы. Акрамя звароту
ў суд, свабодный прафсаюз прадпрыемства падрыхтаваў заяву ў Магілёўскі
гарвыканкам на правядзеньне акцыі пратэсту.
Як заявіў А. Каралёў, толькі дзякуючы актыўным дзеяньням, можна прымусіць
уладу захоўваць нашыя законныя правы і інтарэсы. Інакш заўтра можна апынуцца
бяз працы і заробку, і так адбудзецца ня толькі на нашам заводзе, а рана
ці позна на ўсіх прадпрыемствах краіны.” Такое выказваньне грунтуецца на
рэальных доказах. Менавіта свабодны прафсаюз працаўнікоў заводу “Зеніт”
пасля ягоных працяглых намаганьняў і акцыяў пратэсту першым у Магілёве
пастаўлены на ўлік у мясцовых органах ўлады.
Аляксандр Сердюкоў, Магілeў
Самае папулярнае
1