Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Старшыня БНФ Зянон Пазьняк накіраваў кіраўніку кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску Гансу Георгу Віку афіцыйны ліст, у якім вытлумачыў прычыны выхаду сваёй партыі з перамоўнага працэсу. Пасол Вік пракамэнтаваў зварот спадара Пазьняка.

У лісьце спадара Пазьняка ў прыватнасьці гаворыцца:

“…Пасьля поўнага і адкрытага ігнараваньня з боку выканаўчай улады ўсіх нашых прапановаў і агульнапрынятых дэмакратычных патрабаваньняў, пасьля прыняцьця недэмакратычнага закону пра выбары, пасьля дэманстрацыі нежаданьня весьці перамовы з палітычнымі партыямі, сытуацыя перамянілася. 25 Сакавіка, на Дзень Незалежнасьці, улады арганізавалі ў Менску варварскую вайсковую апэрацыю супраць апазыцыйна настроенага народу. У час гэтай апэрацыі была зроблена спроба забойства спадара Юрыя Беленькага сілавымі функцыянэрамі рэжыму.

Далейшае ўдаваньне выгляду, што палітычныя партыі ўдзельнічаюць у быццам бы перамоўным працэсе, ператвараецца ў фарс, і спрыяньне аўтарытарнай і недэмакратычнай палітыцы існуючай улады, уцягвае палітычныя партыі ў недэмакратычныя выбары фальшывага парлямэнту.

Наступны пошук кантакту з выканаўчай уладай магчымы толькі пасьля выразных ацэнак дзеяньняў гэтай улады з боку палітычных партыяў.

Першай умовай павінна было стаць патрабаваньне аб узбуджэньні крымінальнай справы супраць Міністэрства Ўнутраных Справаў па факце спробы забойства Юрыя Беленькага ў Дзень Незалежнасьці 25 Сакавіка.

Улады ня хочуць узбуджаць справу і сьледзства па факце нападу. Гэта – пляваньне нам у твар.

Ня можа наша партыя БНФ і спадар Ю. Беленькі як кіраўнік партыйнае дэлегацыі на перамовах з рэжымам удзельнічаць цяпер у перамовах з гэтым рэжымам.

Мы, спадар Вік, спадзяваліся на разуменьне і салідарнасьць АБСЭ ў гэтым пытаньні і 4-га траўня змаглі прыняць нават сумесную заяву. Але, тым ня менш, у сапраўднасьці, нягледзячы на нашыя патрабаваньні, гэты жахлівы факт застаўся поўнасьцю па-за ўвагай Вашых інтарэсаў і Вашай гнуткай палітыкі. Складваецца ўражаньне, што з правамі чалавека тут для Вас усё ў парадку: ня той чалавек трапіў пад боты і дубіны бандытаў…”

Кіраўнік кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску Ганс Георг Вік гэтак пракамэнтаваў ліст Зянона Пазьняка.

(Вік: ) “Гэта няпраўда. Мы выказваліся ў абарону тых, хто быў зьбіты, незаконна арыштаваны, каго перасьледвалі. Мы выказваліся публічна ў падтрымку ўсіх гэтых асобаў. Мы абсалютна не адрозьніваем сп. Беленькага ад астатніх, якія пацярпелі пад час той дэманстрацыі. У прыватнасьці, тады быў арыштаваны і член групы АБСЭ.

Так што я лічу крытыку сп. Пазьняка неабгрунтаванай. Мы лічым, што Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ павінна была б падтрымліваць нашыя спробы дапамагчы Беларусі ў вельмі крытычны момант. Крытыка на адрас АБСЭ няслушная”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG