Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 24 траўня)
У Менску ў будынку музэя Максіма Багдановіча адбылася імпрэза з нагоды выхаду кнігі Паліны Сьцепаненкі й Тацяны Рэвякі “Трагедыя на Нямізе: падзеі, факты, камэнтары”, прысьвечанай трагічным падзеям на менскай станцыі мэтро “Няміга” летась 30 траўня.

У музэйнай залі сабраліся ў вялікай колькасьці бацькі й сваякі тых, хто сталі ахвярамі трагедыі ў пераходзе ля станцыі мэтро “Няміга”. Былі тут і маленькія дзеці, маці якіх загінулі ў той дзень. Аўтарка кнігі Паліна Сьцепаненка распавяла прысутным пра сваю працу:

(Сьцепаненка: ) “Ёсьць у нас такі разьдзел у кнізе “Мы выконвалі свой доўг”. Ён выглядае так, нібыта размова вядзецца пра міліцыянтаў ці лекараў. Але не. Ён пра журналістаў, якія першымі прыбылі на месца трагедыі. І чаго няма у нас у гэтай кнізе, гэта якраз супрацоўнікаў міліцыі і няма мэдыкаў. І вельмі хацелася б, калі гэтая кніга будзе перавыдавацца яшчэ, каб гэтыя разьдзелы ў ёй зьявіліся, бо шмат каму цікава, што гэтыя людзі маглі б сказаць. У жніўні стварылася арганізацыя бацькоў “Цэнтар сацыяльнай дапамогі”. Я хачу сказаць, што кожны тэкст мы давалі на праверку. Калі там было нешта лішняе, бацькі мелі магчымасьць выправіць ці дадаць”.

Другая аўтарка кнігі – Тацяна Рэвяка – дадала:

(Рэвяка: ) “Магчыма, гэтая кніга будзе дапісаная, магчыма яна будзе дапрацаваная, таму што на сёньняшні дзень можна казаць пра тое, што гэтая трагедыя ня скончылася з гэтымі пахаваньнямі, яна ня скончылася гэтымі двума жалобнымі днямі, якія былі ў Беларусі”.

Потым выступіла Яўгенія Філатава. У яе ў той дзень загінула дачка, якая была разам з унукам…

“Канешне, гэта несуцешнае гора ўсіх бацькоў, якія страцілі дзяцей. І вельмі цяжка будзе дзецям без іх мамаў, таму што яны аказаліся там, і яны бачылі сваіх бацькоў, якія там ляжалі мёртвыя. Уладзік поўзаў па сваёй маме і прасіў адкрыць вочкі. “Бабця, – кажа, – мяне выкінулі да цёткі, што кветкі прадавала, а маму маю, цётку Сьвету і ўсіх цёткаў і дзядзькаў тапталі ”,

– гаварыла Яўгенія Філатава.

Скульптар Міхась Інькоў, бацька 17-гадовае Марыі Іньковай:

“Калі аб 11-й гадзіне дачкі ўсё яшчэ не было дома, мы пачалі хвалявацца. Патэлефанілі ейнай сяброўцы, якая разам з нашай дзяўчынкаю пайшла на канцэрт, а яна не магла нам нічога адказаць, бо была ў шокавым стане. Мы пачалі тэлефанаваць знаёмым і нам хтосьці паведаміў пра трагедыю. Адразу патэлефанілі ў шпіталь, і там нам параілі шукаць яе спачатку ў моргу, сярод нябожчыкаў…”.

Сёньня на прыступках станцыі мэтро “Няміга” зноў зьявіліся кветкі й фатаздымкі ахвяраў. Гарадзкія ўлады пакуль не чапаюць сьцены пераходу, ператвораныя ў імправізаваны мэмарыял. Да гадавіны трагедыі засталося пяць дзён.

Любоў Лунёва, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG