Усю першую палову дня раён вакол будынку СНД быў ачэплены
міліцыяй і супрацоўнікамі службаў бясьпекі, якія ахоўвалі ўдзельнікаў сэсіі
Рады калектыўнае бясьпекі шасьці краінаў СНД.
Асобы ў мундзірах і ў цывільным перакрылі ўсе прылеглыя да будынку СНД
вуліцы й двары. Быў забаронены ня толькі праезд аўтамабіляў, але й праход
мінакоў. Пры гэтым міліцыянты анічога людзям не тлумачылі, бо мала хто
зь іх ведаў, што дакладна адбываецца ў агароджанам раёне. “Прэзыдэнты панаехалі”,
– такі ляканічны адказ, напрыклад, пачуў я ад міліцыянтаў на рагу вуліцы
Маркса й Камсамольскай.
Журналістаў у штаб-кватэру таксама не прапускалі, апроч тых, каму яшчэ
тыдзень таму далі акрэдытацыю ў адміністрацыі Лукашэнкі.
Дзеля чаго былі прынятыя такія захады перасьцярогі? Аказваецца, каб
шэсьць кіраўнікоў краінаў СНД змаглі прыняць дакумэнты ў адаптацыі дамовы
пра калектыўную бясьпеку да сёньняшніх геапалітычных рэаліяў. Набліжэньне
да рэаліяў, такім чынам, адбылося ня толькі ў дакумэнтах, але і ў рэальным
жыцьці. Для менчукоў яно ўвасобілася ў шматлікіх праблемах пад час руху
па гораду й чаканьні транспарту, які з-за руху шматлікіх картэжаў затрымліваўся
часам на некалькі гадзінаў.
Што яшчэ вядома пра вынікі, і у прыватнасьці, пра вынікі сустрэчы
міністраў абароны й міністраў замежных справаў?
Апроч ужо згаданага маім калегам мэмарандуму, а таксама зацьверджаньня
шэрагу рэглямэнтных дакумэнтаў і абраньня новым сакратаром Рады калектыўнае
бясьпекі кар’ернага расейскага дыплямата Валерыя Нікалаенкі, адзначу тое,
што ані міністры замежных справаў, ані міністры абароны не абмінулі тэму,
што стала з учорашняга дня галоўнай навіною – гэта пагроза з боку Расеі
нанесьці прэвэнтыўны ўдар па Аўганістану, калі той будзе падтрымліваць
чачэнцаў.
Сёньня ў Менску журналісты задалі пытаньні на гэты конт міністру абароны
Расеі Ігару Сяргеяву й міністру замежных справаў Ігару Іванову. І абодва
пацьвердзілі магчымасьць такога ўдару…
“Ёсць сытуацыі, калі на першае месца выходзяць ваенна-стратэгічныя абставіны,
яны мацнейшыя ў параўнаньні зь іншымі. Напэўна, гэта адна з такіх сытуацыяў,
калі разьведнымі дадзенымі будзе пацьверджаная заява, зробленая Ястржэмбскім”,
– сказаў у Менску на сэсіі Рады калектыўнае бясьпекі расейскі міністар
Ігар Сяргеяў.
Другі расейскі міністар – Ігар Іваноў, які кіруе вонкапалітычным ведамствам,
быў яшчэ больш катэгарычным адносна шанцаў на тое, што Расея пачне бамбіць
базы талібаў у Аўганістане. Гэта цалкам магчыма, і Расея да гэтага гатовая,
– заявіў журналістам Ігар Іваноў, які лічыць такія ўдары “прэвэнтыўнымі”.
Іваноў перакананы, што Расея мае права на такія захады супраць тых, хто
падтрымвае, паводле ягоных словаў, “тэрарыстаў і сепаратыстаў”.
Рэакцыя беларускіх ды іншых міністраў – удзельнікаў сустрэчы – на агрэсіўныя
заявы расейскіх калегаў застаецца невядомай. Паводле зьвестак, усе яны
ўстрымаліся ад прапановаў журналістаў выказацца наконт расейскіх пагрозаў
у бок Аўганістана.
Алег Грузьдзіловіч, Менск
Самае папулярнае
1