Рэспубліканскі кандыдат на пасаду прэзыдэнта ЗША Джордж Буш (малодшы)
прадставіў сваю канцэпцыю амэрыканскай абарончай палітыкі на парозе ХХІ
стагодзьдзя. Прамаўляючы ў Нацыянальным Прэсавым Цэнтры ў Вашынгтоне, ён
заявіў, што Злучаныя Штаты павінны скарыстаць непаўторны шанец зрабіць
сьвет больш бясьпечным.
Джордж Буш адзначыў, што ў выпадку абраньня яго новым прэзыдэнтам ЗША,
ён будзе намагацца даць “няўпэўненаму сьвету упэўненасьць”. Буш падкрэсьліў,
што разам з надыходам новай эры Амэрыка патрабуе новага падыходу да пытаньня
ядзернай бясьпекі. Буш патлумачыў таксама, што ў якасьці прэзыдэнта ЗША
ён канкрэтна зрабіў бы ў пытаньні нацыянальнае праграмы супрацьракетнай
абароны. Паводле яго, адпаведнае рашэньне ў гэтым пытаньні павінна зыходзіць
найперш з ацэнкі бягучай сытуацыі, а не з гісторыі “халоднай вайны”.
(Буш: ) “ Наш народ мусіць усьведаміць сабе новыя пагрозы, а ня толькі
фіксаваць старыя. У галіне ядзернай зброі Злучаныя Штаты маюць магчымасьць
зрабіць сьвет больш бясьпечным, адначасова прадухіляючы ядзерныя пагрозы
і зьмякчаючы ядзерную напружанасьць. Можна і пабудаваць сыстэму супрацьракетнай
абароны і пазьбегнуць супрацьстаяньня з Расеяй . Амэрыка павінна зрабіць
адно і другое”.
Акрамя таго Буш выказаўся за вывад многіх адзінак зброі са стану падвышанае
боегатоўнасьці, што, на ягоную думку, было адным з атрыбутаў супрацьстаяньня
пэрыяду “халоднае вайны”. Буш лічыць, што стан падвышанае боегатоўнасьці
ядзернага арсэналу Расеі і ЗША стварае толькі непатрэбную рызыку памылковага
запуску ракеты.
Адначасова, рэспубліканскі кандыдат на пасаду прэзыдэнта ЗША падтрымаў
ідэю пабудовы сыстэмы супрацьракетнай абароны, якая гарантавала б ня толькі
бясьпеку Злучаным Штатам, але й іхным саюзьнікам. Супраціўяляецца гэтаму
Масква, якая лічыць, што ініцыятыва ЗША пагражае расейскай бясьпецы і пярэчыць
ранейшым дамовам ў галіне ядзернага разбраеньня.
Джордж Буш сказаў, што разумее занепакоенасьць Расеі, але адзначыў,
што новая сыстэмы мае “служыць бясьпецы, а не наступу”, і што ён хацеў
бы Расею пераканаць ў гэтым. Дзеля гэтага, ў прыватнасьці, – сказаў Буш,
– Злучаныя Штаты павінны выступіць з прапановай далейшага скарачэньня ядзерных
арсэналаў, але не да узроўню, які пагражаў бы бясьпецы ЗША ды іхных саюзьнікаў.
Адначасова ён выключыў усякае далейшае разбраеньне ў выпадку, калі Расея
ня пойдзе за прыкладам ЗША.
Канцэпцыя абарончай палітыкі ЗША кандыдата ў прэзыдэнты прагучэла незадоўга
да плянаванага ў Маскве саміту прэзыдэнтаў ЗША і Расеі, Клінтана і Пуціна,
прысьвечанага, сярод іншага, таксама пытаньням разбраеньня. Буш лічыць,
што цяперашні прэзыдэнт ЗША не павінен падпісваць ніякія дамовы, якія ў
будучыні зьвязвалі б рукі ягонаму пераймальніку.
(Буш: ) “Як я ўжо гаварыў: лепш ніякае дамовы, ніякага пагадненьня,
чым дрэннае пагадненьне. Я занепакоены тым, што цяперашняя адміністрацыя
замала адданая ідэі стварэньня сыстэмы супрацьракетнай абароны”,
– сказаў Джордж Буш.
У адказ прадстаўнік Белага Дому Джо Локгард назваў заявы Буша “супярэчлівымі
і неканкрэтнымі”. Паводле Белага Дому, выступаючы з такімі палітычнымі
заявамі, ня шкодзіла б патлумачыць, як ён уяўляе сабе фінансаваньне такой
глябальнай сыстэмы супрацьракетнай абароны. Локгард заявіў, што палітыка
адміністрацыі Клінтана ў гэтым пытаньні “здаровая” і што трэба надалей
супрацоўнічаць з Расеяй у пытаньні кантролю за ядзернымі ўзбраеньнямі.
Незважаючы на крытычную рэакцыю Белага Дому, заявы Джорджа Буша наконт
абароны прывітлі ўплывовыя амэрыканскія палітыкі: былыя дзяржсакратары
Джордж Шульц і Гэнры Кісінджэр, а таксама былы камандзёр аб’яднаных штабаў
Узброеных сілаў ЗША Паўэл.
Камэнтуючы выступленьне Джорджа Буша ў Нацыянальным Прэсавым Цэнтры,
сябра сэнацкага камітэту зьнешніх сувязяў і разьведкі, рэспубліканец Рычард
Лугар заявіў, што гэта было выступленьне сапраўднага дзяржаўнага дзеяча,
“вычарпальнае і дальнабачнае”.
Кастусь Бандарук
Самае папулярнае
1