У Вашынгтоне на запрашэньне Міжнароднай лігі правоў чалавека знаходзіцца
прадстаўнічая арганізацыя беларускай дэмакратычнай апазіцыі, у складзе
якой знаходзіцца старшыня адной з частак Беларускага Народнага Фронту Вінцук
Вячорка, старшыня Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Анатоль Лябедзька, каардынатар
грамадзянскай ініцыятывы “Хартыі-97” Зміцер Бандарэнка, а таксама галоўны
рэдактар газэты “Наша Свабода” – Павал Жук.
Фактычна ў дэлегацыі прадстаўленыя палітычныя партыі і грамадзянскія
ініцыятывы і Вярхоўна Савет 13-га скліканьня, а таксама недзяржаўная прэса.
Адпаведна складзеная праграма візыту. Дэлегацыя мае сустрэчы і на Капіталійскім
узгорку, у структурах выканаўчай улады, у недзяржаўных арганізацыях, а
таксама ў СМІ.
Пра асноўныя мэты візыту распавёў нашаму карэспандэнту ў Вашынгтоне
Ірыне Курапаткінай Вінцук Вячорка.
(Вячорка: ) “Перадусім – умацаваць замежна-палітычны посьпех, які быў
дасягнуты намі ў барацьбе за незалежнасьць і супраць рэжыму. Гэты посьпех
праявіўся ў прыняцьці рэзалюцыі Кангрэсу. Мы хацелі б, каб тая палітычная
лінія, якая была засьведчаная ў рэзалюцыі, а гэта значыць катэгарычныя
патрабаваньні да рэжыму, дасягнуць дэмакратычных наробкаў для нармальных
выбараў, і гэтае патрабаваньне да Расеі, спыніць падтрымку антыдэмакратычнага
рэжыму, каб гэтыя палажэньні былі зрэалізаваныя таксама ў сэнацкіх дакумэнтах,
у дзяржаўнай палітыцы Злучаных Штатаў і ў тых міжнародных структурах, ў
АБСЭ, дзе Злучаныя Штаты маюць моцны голас”.
У панядзелак, прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай апазыцыі вялі сустрэчу
ў Нацыянальнай Радзе Бясьпекі, а таксама ў апараце Гэльсынскай камісіі
Кангрэсу ЗША. У часе сустрэчы прайшоў абмен думкамі пра сытуацыю ў Беларусі
і пазыцыю міжнароднага супольніцтва, і прыватнасьці кангрэсу ЗША, у дачыненьні
да рэжыму Лукашэнкі і прапанаванага Лукашэнкам так званага грамадзкага
дыялёгу.
(Лябедзька: ) “Была сёньня першая сустрэча ў межах камісіі Гэльсынскай,
якая працуе непасрэдна з АБСЭ, і гэта наш стратэгічны інтарэс. Мы сёньня
прамаўлялі пра тое, каб першы крок, які зрабіла Палата Прадстаўнікоў ён
быў замацаваны і на ўзроўні Сэнату, каб гэта была пазыцыя Кангрэсу Злучаных
Штатаў Амерыкі. Чакае нас саміт у Бухарэсьце, АБСЭ і вельмі многа ў рамках
гэтай міжнароднай уплывовай парлямэнцкай структуры залежыць ад пазыцыі,
якую займае дэлегацыя Злучаных Штатаў Амэрыкі. Мы сёньня прагаворвалі,
і, я думаю, будзем непасрэдна на сустрэчах з сэнатарамі, кангрэсмэнамі
прагаворваць мажлівасьць кансалідаванай пазыцыі, якую мы занялі ў Бухарэсьце.
Наш інтарэс прыняцьця рэзалюцыі па Беларусі, якая ўгрунтавалася б, ў пэўнай
ступені, на тых прынцыповых пунктах, на якіх будуецца рэзалюцыя ў Палаце
Прадстаўнікоў. Калі мы вырашаем гэтае пытаньне, то гэта азначае, што мы
падцягваем міжнародную супольнасьць Эўропы і астатнія рэгіёны з пазыцыі
Злучаных Штатаў Амэрыкі ў адносінах да Беларусі. Гэта адпавядае нашым інтарэсам”.
Візыт беларускай дэлегацыі выклікае сур’ёзную зацікаўленасьць ў палітычных
колах Вашынгтону. Дзярждэпартамэнт ЗША вельмі задаволены ўзроўнем і ходам
візіту беларускай дэлегацыі. Сёньня дэлегацыя будзе прысутнічаць у часе
кангрэсавых слуханьняў у расейскім пытаньні, а таксама мець сустрэчу ў
дзяржаўным дэпартамэнце ЗША. Сэнатар Джэсі Гэлс, а таксама кангрэсмэн Сэм
Вэдзінсан афіцыйна пацьвердзілі сваё жаданьне сустрэцца з прадстаўнікамі
беларускай апазіцыі. У чацьвер пройдзе адмысловы сэмінар, прысьвечаны Беларусі,
у якім возьмуць удзел прадстаўнікі палітычных колаў Вашынгтону і дзяржаўных
арганізацыяў і сродкаў масавай іфармацыі.
Візыт беларускай дэмакратыянай апазыцыі ў Вашынгтон завершыцца напрыканцы
тыдня.
Ірына Курапаткіна, Вашынгтон
Самае папулярнае
1