Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Невядомыя злачынцы абрабавалі офіс праваабарончай арганізацыі “Праўная дапамога насельніцтву”. Былі скрадзеныя кампутары, у якіх знаходзілася інфармацыя пра парушэньні ўладамі правоў чалавека, ды іншая аргтэхніка. Кіраўніцтва арганізацыі не выключае палітычных матываў гэтага злачынства.

Зламысьнікі абрабавалі офіс “Праўнае дапамогі” ў мінулую суботу бліжэй да вечара, калі нікога з супрацоўнікаў арганізацыі на працоўных месцах не было, але сам будынак на ахоўную сыгналізацыю здадзены яшчэ ня быў. Выламаўшы дзьверы, злачынцы скралі начыньне трох кампутараў, манітор, прынтар, дыктафон і тэлефон-факс агульным коштам 3.622 даляры.

Ахоўнікі будынку заўважылі сьляды ўламаньня ў офіс толькі празь некалькі гадзінаў, і адразу ж выклікалі кіраўніцтва “Праўнае дапамогі”. Паводле словаў кіраўніка гэтай арганізацыі Алега Воўчака, злодзеі праглядалі інфармацыю, што знаходзілася на жорсткіх дысках кампутара. Гэта пераважна праваабарончыя бюлютэні, заявы й скаргі грамадзянаў на парушэньне ўладамі правоў чалавека ды іншыя матэрыялы.

Зьнікла таксама інфармацыя, сабраная грамадзкай камісыяй паводле факту зьнікненьня Юрыя Захаранкі. І спадар Воўчак не выключае, што менавіта гэтыя матэрыялы найперш і цікавілі злачынцаў.

Гаворыць Алег Воўчак:

(Воўчак: ) “У нас існуюць дзьве вэрсіі – палітычная і крымінальная. Палітычная таму, што за тыдзень да крадзяжу ў нас была вялікая прэсавая канфэрэнцыя ў справе Захаранкі, дзе нашая грамадзкая камісія дакладала пра вынікі сваёй працы за год. Плянавалася такую ж канфэрэнцыю правесьці на гэтым тыдні па Нямізе. І вось у гэтым прамежку часу ў нас здараецца крадзёж. Мы думаем, што гэта мог быць палітычны крадзёж”,

– лічыць спадар Воўчак.

Праваабаронцы адразу ж выклікалі міліцыю. Апэратыўнікі з Заводзкага раённага аддзелу пахадзілі, паглядзелі, сфатаграфавалі месца злачынства, зьнялі адбіткі пальцаў на мэблі і ў саміх праваабаронцаў, пасьля чаго паведамілі, што будуць шукаць, і зьехалі.

Гэта ня першы крадзёж тэхнікі з офісаў няўрадавых арганізацыяў. За апошнія два гады падобным чынам былі абрабаваныя рэдакцыі газэты “Навіны” й часопіса “Полымя”. Ані ў вадным, ані ў другім выпадку злачынцы гэтак і не былі знойдзеныя.

Тым часам без аргтэхнікі ўся праца “Праўнае дапамогі насельніцтву” аказалася спаралізаванай. Тэхніку праваабарончай арганізацыі далі ў бясплатную арэнду міжнародныя гуманітарныя фонды, а на набыцьцё новай у “Праўнай дапамогі” няма сродкаў. Праўда, праваабарончы Цэнтар “Вясна” ўжо выказаў жаданьне пазычыць калегам для працы адзін кампутар, але, паводле словаў Алега Воўчака, ім яны будуць карыстацца толькі пасьля таго, як пераедуць ў новае памяшканьне.

Альгерд Невяроўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG