22 траўня з трохдзённым афіцыйным візытам у Менск прыбыў
прэзыдэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў. Акрамя перамоваў з Аляксандрам
Лукашэнкам і наведваньня шэрагу беларускіх прадпрыемстваў і арганізацый,
ён возьме ўдзел у паседжаньні Міждзяржаўнага Савету дзяржаваў-удзельніцаў
Мытнага саюзу й Савету калектыўнае бясьпекі ў рамках СНД. Прэзыдэнты і
афіцыйныя дэлегацыі Расеі, Кіргізіі, Таджыкістану і Арменіі прыбываюць
сёньня ўвечары і ў першай палове дня 23 траўня.
Прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў правёў перамовы з Аляксандрам
Лукашэнкам, пасьля якіх заявіў, што ёсьць дамоўленасьць пра пастаўкі казахстанскага
збожжа ў абмен на беларускія трактары, рыхтуецца таксама зборка трактараў
МТЗ у Паўладары, якая павінна пачацца ўжо ў жніўні гэтага году.
Назарбаеў паведаміў, што Казахстан гатовы транспартаваць сваю нафту
празь Беларусь у Эўропу, а таксама перапрацоўваць да 10-15 мільёнаў тонаў
нафты на заводах у Мазыры й Наваполацку.
Назарбаеў настойвае на пашырэньні двухбаковых гандлёва-эканамічных стасункаў,
якія перажываюць ня лепшы час. Летась таваразварот паміж Беларусьсю й Казахстанам
склаў усяго ля сарака мільёнаў даляраў, прычым імпарт з Казахстану ў Беларусь
– толькі 12 мільёнаў.
Нурсултан Назарбаеў паведаміў пасьля сустрэчы з А.Лукашэнкам, што дасягнутая
дамоўленасьць адносна старых даўгоў. У прыватнасьці, збожжавы доўг Кустанайскае
вобласьці гаспадаркам Беларусі будзе пагашаны на працягу трох гадоў.
Сёньня прэзыдэнт Казахстану быў запрошаны ў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт,
дзе атрымаў званьне ганаровага доктара й выступіў зь лекцыяй на тэмы эканомікі,
фактычна агітуючы за лібэральныя падыходы, якія ажыцьцяўляюцца ў Казахстане.
Паводле словаў Назартбаева, 80 адсоткаў казахстанскае прамысловасьці
знаходзяцца ў прыватным сэктары, дзяржава не датуе аніводнае прадпрыемства,
адмененыя ўсе ільготы, у тым ліку ў жыльлёва-камунальнай гаспадарцы. Затое
сярэднія пэнсіі і заробкі складаюць 55 і 110 даляраў адпаведна. Такім чынам,
беларусам ёсьць чаму павучыцца ў казахаў.
Што ж датычыць заўтрашніх паседжаньняў Міждзяржаўнага Савету й Савету
кіраўнікоў урадаў краінаў-удзельніцаў Мытнага саюзу, дык аніякіх сэнсацыяў
тут не чакаецца, найбольш зьмястоўнымі дагаворамі, якія будуць падпісаныя,
можна назваць хіба што пагадненьне пра стварэньне філіялаў вышэйшых навучальных
установаў у краінах Мытнага саюзу ды пратакол аб парадку й нормах вывазу
грамадзянамі свабодна канвэрсуемае валюты за межы Мытнага саюзу.
Валер Каліноўскі, Менск
Самае папулярнае
1