Нечаканая эвакуацыя зь Беларусі ўсяго складу амбасады Ізраіля ў зьвязку
з быццам бы падвышаным радыяцыйным фонам вялікага перапалоху сярод дыпляматычнага
корпусу не нарабіла. Тым ня менш, прадстаўнікі некаторых амбасадаў даволі
сур’ёзна паставіліся да праблемы магчымага зьяўленьня ў атмасфэры падвышанай
радыяцыі.
Сёньня на працягу ўсяго дня тэлефоны амбасады Ізраіля ў Менску маўчалі.
Толькі ў Ізраільскім культурна-інфармацыйным цэнтры заставаліся на сваіх
месцах супрацоўнікі зь ліку грамадзянаў Беларусі. Яны й пацьвердзілі нашаму
радыё інфармацыю пра тое, што амбасада Ізраіля закрытая з-за тэхнічных
прычынаў і ўсе дыпляматы тэрмінова адкліканыя на радзіму.
Супрацоўнікі культурнага цэнтру таксама паведамілі, што іх ізраільскія
калегі выехалі быццам бы на нейкае мэдычнае асьведчаньне, дадаўшы пры гэтым,
што падобных эвакуацыяў у мінулыя гады не было. Эвакуацыя, сапраўды, даволі
дзіўная, бо, акрамя супрацоўнікаў амбасады, Беларусь тэрмінова пакінулі
грамадзяне Ізраілю, настаўнікі гэбрайскае мовы й мэтадысты, што працуюць
у 132-й менскай школе.
Кіраўніцтва школы непасрэдна зьвязвае гэты ад’езд зь інфармацыяй пра
быццам бы падвышаны ўзровень гама-выпраменьваньня.
Сёньня ўраніцу таксама зьявілася інфармацыя пра тое, што сьледам за
ізраільцянамі Беларусь зьбіраюцца пакінуць супрацоўнікі амбасады Японіі.
Аднак у дыпляматычным прадстаўніцтве гэтае краіны ў Менску гэтую інфармацыю
абверглі. Амбасада Японіі працуе ў звычайным рэжыме, аднак дыпляматы, натуральна
ж, цікавяцца радыяцыйным станам.
У звычайных рэжымах таксама працуюць амбасады Вялікабрытаніі,Францыі,
Нямеччыны, Італіі ды іншых краінаў. Аднак прэсавыя службы амбасадаў гэтых
дзяржаваў пацьвердзілі, што беларускія ўлады пастаянна іх інфармуюць пра
стан радыяцыйнае бясьпекі, які цяпер у норме. А супрацоўнік расейскай амбасады
навогул сказаў, што ўпершыню чуе пра падвышэньне радыяцыйнага фону і яго
гэтая праблема ня надта хвалюе.
Сур’ёзна ставяцца да праблемы радыяцыйнае бясьпекі ў амбасадзе Злучаных
Штатаў Амэрыкі. Як паведамілі нашаму радыё ў прэсавай службе амбасады,
іхныя экспэрты ўжо праводзілі кантрольныя замеры радыяцыйнага фону й прыйшлі
да высновы, што ён застаецца ў норме.
Тым ня менш, амэрыканскія спэцыялісты працягваюць адсочваць радыяцыйную
сытуацыю ў Беларусі, а неўзабаве дзеля падобнага кантролю з Вашынгтону
ў Менск прыедзе цэлая група тэхнічных экспэртаў.
А вось што паведаміў нашаму радыё з нагоды ад’езду ізраільскіх дыпляматаў
прэсавы сакратар МЗС Беларусі Мікалай Барысэвіч:
(Барысевіч: ) “На бягучы момант усе дыпляматычныя супрацоўнікі ізраільскай
амбасады знаходзяцца на плянавым мэдычным аглядзе. Усе тыя прычыны, якія
выказваліся на працягу апошніх дзён наконт таго, што падвышаная доза гама-выпраменьваньня,
яны не пацьвярджаюцца паводле інфармацыі, якую нашае міністэрства атрымала
з Рэспубліканскага цэнтру радыяцыйнага кантролю і маніторынгу. А нейкіх
іншых падставаў, якія б тычыліся двухбаковых адносінаў паміж дзьвюма краінамі
не існуе”,
– паведаміў спадар Барысэвіч.
Паводле ягоных словаў, супрацоўнікі амбасады Ізраіля вернуцца ў Менск
празь некалькі дзён. Іншым жа амбасадам МЗС Беларусі пастаянна прадастаўляе
інфармацыю пра зьмены радыяцыйнага фону ў краіне.
Альгерд Невяроўскі, Менск
Самае папулярнае
1