Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


“Святы айцец, жыві сто гадоў” – з такімі лёзунгамі сёньня выйшлі на вуліцы жыхары польскага гораду Вадовіцэ. Тут 18 траўня 80 гадоў таму нарадзіўся Караль Вайтыла ці цяперашні кіраўнік Рымска-Каталіцкай царквы Ян Павал ІІ. Урачыстасьці адбываюцца таксама ў Ватыкане. Юбілей Папы стаў нагодай асэнсаваньня яго ўнікальнай ролі ў гісторыі ХХ стагодзьдзя.

Першы Папа-неітальянец на працягу апошніх чатырох стагодзьдзяў, першы Папа-паляк, папа, які зьдзейсьніў найбольш падарожжаў і знаходзіцца на сьвятым прастоле найдаўжэйшы тэрмін у ХХ – 22 гады. Гэтым не вычэрпваецца ўнікальнасьць асобы Яна Паўла ІІ.

Яго прыход у Ватыкан азначаў глыбінны пералом як у рэлігійным, так і грамадзкім жыцьці. З уплывам Папы палякі – і ня толькі яны – зьвязваюць вяртаньне свабоды і падзеньне камунізму ва Ўсходняй Эўропе.

У Беларусі адзначаюць, што гэта першы Папа, так глыбока дасьведчаны ў праблемах і гісторыі суседняй з Польшчай краіны. Гасьцямі Ватыкану на працягу апошняга часу былі многія дзеячы беларускай культуры. Так, былы кіраўнік Скарынаўскага цэнтру ў Менску прафэсар Адам Мальдзіс згадвае, што пад час сустрэчы ён перадаў Папу экзэмпляр энцыкляпедычнага даведніка “Скарына і яго час”. Адам Мальдзіс працягвае:

(Мальдзіс: ) “Я зразумеў, што і прозьвішча Скарыны, яго справа, добра вядомыя для папы. Потым я пачаў гаварыць пра тое, што дрэнна дзеецца на зямлі беларускай. Чаму? Таму што вернікі не атрымоўваюць слова Божага на сваёй роднай мове. Ну і потым яшчэ сказаў, што вельмі для нас прыкра, што беларусы-католікі ня маюць сваіх сьвятых.

Гэта гаварылася на той момант, а калі гаварыць пра агульнае ўражаньне, у мяне засталося вельмі сьветлае ўражаньне, сьветлыя ўспаміны. Я пабачыў чалавека, адкрытага на Беларусь, і чалавека, які разумее нашыя праблемы. Ну, зрэшты, яно і зразумела – гэта першы папа-славянін. І тады да мяне прыйшла думка, што асноўнае ня тое, што мы дзелімся на праваслаўных, католікаў, пратэстантаў, уніятаў і гэтак далей, а асноўнае ў тым, што мы ўсе хрысьціяне”.

Тое, што адзначыў Адам Мальдзіс, – а менавіта экумэнічная скіраванасьць намаганьняў Папы, – знайшло яму шмат прыхільнікаў. Увогуле, многія з сучасьнікаў лічаць галоўнай місіяй Папы ўзьвядзеньне аб’яднаўчага маста паміж галінамі хрысціянства.

Вось што, ў прыватнасьці, адзначае прафэсар Оксфардзскага ўнівэрсытэту Эдвард Ярнольд.

(Ярнольд: ) “Ён разумее, што пошук еднасьці зьяўляецца хрысьціянскім абавязкам. Ён помніць пра такія моманты ў Бібліі, калі Хрыстос маліўся за тое, каб ягоныя пасьлядоўнікі былі аб’яднаныя дзяля таго, каб увесь сьвет верыў. Іншымі словамі, гэта азначае, што хрысьціянская разьяднанасьць – гэта супраць запаветаў Хрыста. Разьяднанасьць – тая зьява, якая перашкаджае місіі касьцёла”.

Гэта было меркаваньне прафэсара Оксфардзскага ўнівэрсытэту Эдварда Арнольда.

Асабліва настойлівыя намаганьні папа Ян Павал ІІ пакладаў на збліжэньне Каталіцкай і Праваслаўнай цэркваў. Так, год таму, якраз у траўні ён наведаў Румынію, першую з краінаў з праваслаўнай большасьцю і быў там цёпла вітаны. Але, на жаль, далейшыя пляны збліжэньня былі спамаленыя не па яго волі.

Так, пад час візыту Папы мінулае восені ў Грузію, праваслаўныя сьвятары раілі вернікам не наведваць службу Папы. Кіраўніцтва Рускай Праваслаўнай царквы таксама пакуль не запрасіла Папу наведаць Расею, хаця ён даўно спадзяваўся зрабіць візіы і ў гэтую краіну. Як мяркуюць экспэрты, з аднаго боку праблема зьвязаная з апасеньнямі Праваслаўнае царквы, што Рым можа перацягнуць частку праваслаўных у сваю веру. Іншыя бачаць праблему ў тым, што пад час камуністычнага рэжыму Руская Праваслаўная царква не магла прыняць і засвоіць перадавыя ідэі, якія б дазволілі ёй пайсьці на збліжэньне з касьцёлам.

Пісьменьніца Хрысьціна Лялько, якая двойчы сустракалася з Папам, згадвае, што сьвяты айцец гаварыў пра тое, што хацеў бы наведаць і Беларусь. Але такія візыты, безумоўна, не залежаць толькі ад волі і жаданьня вернікаў і папы. Хрысьціна Лялько гаворыць пра ўнікальнасьць асобы Яна Паўла ІІ.

(Лялько: ) “Папа, гэты папа, Ян Павел ІІ – ён якраз вось гэтаю сваёю глыбіннаю такою чалавечнасьцю, ён як бы стаіць па-за нацыянальнасьцю, разумееце, і гэта сапраўды Сьвяты Айцец для ўсіх католікаў і на ўсім сьвеце. Я б сказала, нават, ня толькі для католікаў, а ўвогуле для людзей, гэтая асоба выключная. Скажам, вось яго апошняя пілігрымка ў Сьвятую Зямлю, калі ён здолеў размаўляць з аднолькавай шчырасьцю, з аднолькавай талерантнасьцю і з габрэямі, і з арабамі, разумееце, і як бы здолеў як бы суцішыць гэтых людзей ды іх гэты боль, тое, што іх разрывае. Я думаю, што ў яго ёсьць гэтая харызма яднаць людзей”.

Гаварыла Хрысьціна Лялько. Дадамо, што яна пад час візыту ў Ватыкан атрымала блаславеньне Папы на выданьне рэлігійных часопісаў па-беларуску “Авэ Марыя” і “Наша вера”. Хрысьціна Лялько перакладае творы Яна Паўла ІІ на беларускую мову.

Дасьледчык гісторыі Ватыкану Том Рыс тлумачыць маштабнасьць посьпехаў і ўплыву Папы на сучаснасьць такім чынам: ён даў ясны заклік ў няпэўны час. Разам з тым, і сваім аўтарытэтам Папа не вырашыў усе спрэчныя пытаньні, што зьвязаныя з практыкай каталіцкага касьцёлу – у цэнтры дыскусіяў застаюцца і праблемы рэгуляваньня касьцёлам шлюбаў і разводаў, стаўленьне яго да гомасэксуалізму ці абортаў. Гэтыя праблемы, відавочна, пяройдуць наступнікам Папы.

Як адзначаецца, зараз каля 90 працэнтаў кардыналаў каталіцкага касьцёлу прызначаныя Папам. І гэта дае гарантыю, што калі яны будуць выбіраць пераемніка Яна Паўла ІІ, то гэта будзе чалавек, які падзяляе яго погляды ды ідэалы.

Аглядальнік нашага Радыё Пол Гобл згадвае выпадак, калі паўстагодзьдзя таму Іосіф Сталін ацэньваў уплыў папярэдняга Папы ў Ватыкане і запытаў: “А колькі дывізіяў Папа мае?” Свайго роду адказам на гэтае пытаньне можна лічыць оду, якая сёньня зьявілася ў буйнейшай польскай “Газэце выборчай “. Яе аўтар – нобелеўскі ляўрэат Чэслаў Мілаш – прысьвячае оду 80-м угодкам Папы.

Алена Ціхановіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG