Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У менскіх дробных прадпрыймальнікаў зноў непрыемнасьці. Сталічны гарадзкі выканаўчы камітэт прыняў рашэньне “Аб выкарыстаньні электронных сродкаў вымярэньняў у розьнічным гандлі”.

Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт распарадзіўся замяніць у гандлі мэханічныя вагі на электронныя. Паводле тлумачэньня афіцыйных асобаў, рашэньне закране найперш камэрцыйныя структуры ды індывідуальных прадпрыймальнікаў. Паколькі, маўляў, менавіта іхнае абслугоўваньне больш за ўсё не задавальняе спажыўцоў. Рэакцыя бізнэсоўцаў на ініцыятыву камітэту аказалася адмоўнай. Гандлярка Тацяна, якая працуе ў Менску на мінірынку “Серабранка”, абураецца:

(Тацяна: ) “Радзі Бога, хай хоць электронныя, хай неэлектронныя!”

Паводле меркаваньняў прадстаўнікоў бізнэсу, ініцыятыва Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту выклікана прыватнымі інтарэсамі сталічных чыноўнікаў, а ня клопатамі пра жыхароў.

У прадпрыймальніцкім прафэсійным саюзе “Садружнасьць” новаўвядзеньне назвалі несвоечасовым. Заступніца старшыні прафсаюзнага камітэту Мая Сінайская заявіла нашаму радыё:

(Сінайская: ) “Усё робіцца нібыта для таго, каб навесьці парадак, але ж, з другога боку, гэтага парадку няма. Сёньня гандлёвыя кропкі, якія прадаюць сьвежую садавіну ці гародніну, знаходзяцца ў людных месцах, па ўсім горадзе. Да іх не падведзеная электрычнасьць. Калі паспрабуюць паставіць электронныя вагі, то, відавочна, гэтыя кропкі перанясуць у іншыя месцы. Праблемы паўстануць таксама на шмат якіх кірмашох – на “Камароўцы”, на “Дынама”.

Перавод гандлю на электронныя вагі мне нагадвае кампанію зь пераводам яго на касавыя апараты. На набыцьцё гэтых апаратаў прадпрыймальнікі выдаткавалі шмат грошай. Прычым, яны мусілі быць занесеныя у дзяржаўны рэестар. Як толькі гэтая мадэль на наступны год у рэестар не ўвайшла, выкідвай касавы апарат у сьметнік”, – патлумачыла адная зь лідэраў прафэсійнага саюзу “Садружнасьць” Мая Сінайская.

Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт прыняў згаданае рашэньне без аніякіх кансультацыяў з прадпрыймальніцкімі арганізацыямі. Іхныя прадстаўнікі лічаць, што сталічныя ўлады дзейнічаюць у рэчышчы агульнадзяржаўнае палітыкі.

У прыватнасьці, прафэсійнамму саюзу “Садружнасьць” стаўся вядомы пратакол нядаўняга паседжаньня ў пытаньні справаў дробнага бізнэсу, якое правёў першы віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў. Як вынікае з гэтага пратаколу, чыноўнікі пастанавілі ўскласьці на плечы індывідуальных прадпрыймальнікаў дадатковы падаткавы цяжар.

Апроч таго, гэткія ж захады прадугледжаны й праектам чарговага ўказу Аляксандра Лукашэнкі, які распрацаваны Дзяржаўным падаткавым камітэтам. Паводле гэтага дакумэнта, мяркуецца для прадстаўнікоў дробнага бізнэсу утрая падвысіць падаткі. Мая Сінайская заявіла, што такія пляны зьнішчаць прадпрыймальніцкі сэктар нацыянальнай эканомікі.

Міхал Стэльмак, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG