У справе каталіцкага сьвятара Зьбігнева Кароляка, якому ўлады адмаўляюць
у працягу рэлігійнай дзейнасьці ў берасьцейскай парафіі Узьнясеньня Крыжа,
сёньня – новы скандал. Учора парафіянам было паведамлена, што кардынал
Казімір Сьвёнтак быццам бы даў згоду, каб Зьбігнеў Кароляк пакінуў Беларусь
да 1 чэрвеня.
Сам кардынал абвяргае гэтую інфармацыю афіцыйных беларускіх уладаў.
Пад час учорашняга наведваньня берасцейскага аблвыканкаму, старшыня касьцёльнай
рады Ядвіга Церпілоўская ды іншыя прыхаджане зноў спрабавалі дамовіцца
аб сустрэчы з кіраўніком абласной вертыкалі Васілём Даўгалёвым.
У сваім пісьмовым звароце вернікі заявілі, што патрабуюць спыненьня
дзеяньняў, якія абражаюць іхныя рэлігійныя пачуцьці і зьневажаюць сьвятара
Зьбігнева Кароляка. Прыхаджане просяць Даўгалёва асабіста прыняць іхных
прадстаўнікоў 30 траўня, каб абмеркаваць пытаньне аб далейшай рэгістрацыі
ксяндза. Але ў аблвыканкаме чарговы раз гэтую просьбу пакінулі без увагі.
Калі вернікі зьбіраліся сысьці з будынку, што займае мясцовая вертыкаль,
ім было прапанавана сустрэцца з кіраўніком справаў аблвыканкаму Георгіем
Козелам і загадчыкам аддзелу Алегам Яроміным. На гэтай сустрэчы прыхаджанам
была зачытаная рэзалюцыйная частка пратаколу, што быў складзены пад час
перамоваў кіраўніка каталіцкай царквы на Беларусі кардынала Казіміра Свёнтэка
і віцэ-прэм’ера беларускага ўраду Ўладзімера Замяталіна. Перамовы гэтыя
адбыліся 28 красавіка.
З тэксту, які быў зачытаны вернікам, вынікае, што пад час перамоваў
ў савеце міністраў, усе пытаньні, якія тычыліся сьвятара берасьцейскага
касьцёлу, былі ўрэгуляваныя , а кардынал Сьвёнтак абавязаўся прыняць рашэнне,
каб ксёндз Кароляк да 1 чэрвеня гэтага году пакінуў межы Беларусі. Згодна
з пратакольным запісам, пракантраляваць выкананьне гэтага рашэньня даручаецца
старшыні берасьцейскага аблвыканкаму Даўгалёву і старшыні дзяржаўнага камітэту
ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Білыку.
Гэтае паведамленьне выклікала ў берасьцейскіх каталікоў сапраўдны шок.
Яны нават не папрасілі ў адказных чыноўнікаў аблвыканкаму копію прачытанага
ліста, але пасьпелі заўважыць, што пад згаданым пратаколам ёсьць толькі
подпіс Замяталіна. Паведаміўшы сьвятару Кароляку ды іншым вернікам пра
тое, што пачулі ад чыноўнікаў мясцовай вертыкалі, сябры касьцёльнай рады
вырашылі скантактавацца з кардыналам Сьвёнтакам.
У тэлефоннай размове герарх каталіцкай царквы на Беларусі назваў працытаваныя
зьвесткі хлусьнёй, ніякіх абавязкаў у адносінах да таго, каб ксёндз Кароляк
пакінуў Беларусь, ён на сябе не прымаў ды ўвогуле не падпісваў з віцэ-прэм’ерам
ніякіх пагадненьняў. Такім чынам, размова можа ісьці аб фальсыфікацыі афіцыйнымі
беларускімі ўладамі вынікаў перамоваў Сьвёнтака і Замяталіна.
І яшчэ адна навіна: ксёндз Збігнеў Кароляк таксама зьвярнуўся да кіраўніцтва
берасьцейскага аблвыканкаму з просьбай аб асабістай сустрэчы, каб высьветліць
на ёй магчымасьць свайго далейшага знаходжаньня ў Берасьці ў якасьці сьвятара
, але гэты зварот, які быў перададзены ў аблвыканкам, супрацоўнікі вертыкалі
нават адмовіліся рэгістраваць. Тым часам, сярод каталіцкіх вернікаў распаўсюджваюцца
чуткі аб тым, што пытаньне аб дэпартацыі Кароляка за межы Беларусі можа
быць вырашанае пасьля 20 траўня.
Алег Супрунюк, Берасьце
Самае папулярнае
1