Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У Беларусі значна падвысяцца кошты кватэрнае платы. Згодна з новай пастановаю Савету міністраў, уладальнікі й наймальнікі прыватнага жыльля будуць плаціць за гэтак званыя “лішкі плошчы” сумы, у дзесяць і больш разоў вышэйшыя, чым раней.

Паводле пастановы Савету міністраў, старыя – палегчаныя – расцэнкі аплаты жыльля застаюцца толькі на гэтак званую “нарматыўную” плошчу, якая складае 20 квадратных мэтраў агульнае плошчы на чалавека й 10 мэтраў – на сям’ю. Плата ж за астатнюю плошчу будзе брацца паводле ейнага сабекошту. Канкрэтныя расцэнкі аплаты павінны вызначацца мясцовымі ўладамі.

У Менскім гарадзкім выканаўчым камітэце гэтыя расцэнкі яшчэ ня вызначаныя, але, паводле словаў аднае з супрацоўніцаў управы жыльлёва-камунальнае гаспадаркі, кошты на “лішкі” жыльля могуць быць у 10 і больш разоў вышэйшыя, чым за “нарматыўную” плошчу. Палажэньне ня тычыцца жыхароў аднапакаёвых кватэраў і камуналак – яны будуць плаціць за жыльлё паводле палегчаных расцэнак.

Гарвыканкамаўскія чыноўнікі кажуць, што, увёўшы новы парадак аплаты жыльля, улады такім чынам намагаюцца захаваць сацыяльную справядлівасьць, бо жыхары дзяржаўных кватэраў пачалі плаціць за “лішнюю” плошчу яшчэ раней.

Новы парадак аплаты жыльля ўдарыць найперш па малазабясьпечаных групах людзей – напрыклад, па пэнсіянэрах, якія часам дажываюць век адны ў вялікіх кватэрах, і цяпер проста ня змогуць за іх плаціць.

Паколькі новы мэханізм ня цалкам рынкавы і прадугледжвае палегчаныя тарыфы, калі ў кватэры шмат насельнікаў, то няцяжка здагадацца, што ў хуткім часе зноў пачнуць шырока выкарыстоўвацца старыя савецкія хітрыкі: прапіска ў вялікія кватэры далёкіх сваякоў і г.д. З гэтым пагаджаюцца і супрацоўнікі сталічнага гарадзкога выканаўчага камітэту, аднак спасылаюцца на тое, што такі крок у цяперашніх варунках неабходны.

А вось як пракамэнтаваў новае палажэньне аб аплаце жыльля вядомы эканаміст, віцэ-прэзыдэнт Беларускага зьвязу прадпрыймальнікаў Аляксандар Патупа:

(Патупа: ) “Дзяржаве патрэбныя грошы, чым больш – тым лепш. Ёсьць дзьве стратэгіі. Адна накіраваная на паліва – мы маем вельмі цікавы варыянт з халоднай зімой, бо Расея патрабуе жорсткай аплаты паліўных рэсурсаў. Гэты варыянт вельмі магчымы. Плюс чарговая аграрная катастрофа. Зразумела, што проста патрэбныя грошы на аплату. Другі момант – праблема з будаўніцтвам, няма інвэстыцыяў. Таму ўсе гэтыя ільготныя рэжымы зараз … без усялякіх размоваў аб простым народзе. Калі, напрыклад, літоўскія грамадзяне плоцяць 20-30 за кватэру, дык гэта магчыма таму, што яны маюць сярэдні заробак 180-200 даляраў. А ў нас афіцыйны заробак – каля 40 даляраў. Гэта немагчыма – 10 даляраў штомесячна аплаціць за хату”,

– гэта была думка спадара Патупы.

Ён таксама лічыць, што палажэньне ёсьць рынкавым толькі паводле формы, а сутнасна новы парадак аплаты вялікага прыбытку дзяржаве не прынясе. Паколькі рынкавыя законы могуць нармалёва працаваць толькі ў варунках рынкавай эканомікі.

Альгерд Невяроўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG