Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Ужо трэцяя спроба Беларускага аб’яднаньня маладых палітыкаў зарэгістравацца ў Міністэрстве юстыцыі скончылася няўдала.

Кіраўнік управы грамадзкiх аб’яднаньняў Мiнiстэрства юстыцыi Мiхал Сухiнiн, які падпісаў адпаведны ліст з адмоваю, лічыць, што Беларускае аб’яднаньне маладых палiтыкаў парушыла закон “Аб грамадзкiх аб’яднаньнях”. Да прыкладу, у статуце Аб’яднаньня, сьцьвярджаецца ў лісьце Сухініна, прадугледжанае ўмяшальнiцтва ў дзеяньні дзяржаўных ворганаў. Ёсьць i iншыя заўвагi, на падставе якiх Мiністэрства юстыцыі прыняло рашэньне адмовiць аб’яднаньню ў рэгiстрацыi.

Гэтая гісторыя цягнецца зь лiпеню мiнулага году, калі тагачаснай Беларускай асацыяцыi маладых палiтыкаў было адмоўлена ў перарэгiстрацыi. Прадстаўнікі ўладаў у неафіцыйных размовах тады далі зразумець – паколькі Асацыяцыя зьвязаная зь імем ейнага прэзыдэнта Анатоля Лябедзькі, працягваць афіцыйнае існаваньне ў рамках цяперашніх беларускіх законаў ёй будзе практычна немагчыма. Таму маладыя палітыкі празь месяц зьмянілі свой назоў –ператварылі Асацыяцыю ў Аб’яднаньне. У жнiўнi яны зьвярнуліся ў міністэрства з просьбаю зарэгістраваць новую арганізацыю. Аднак і тады атрымалі адмоўны адказ.

27 лютага 2000 года аб’яднаньне правяло сваю ўстаноўчую канфэрэнцыю, а 24 сакавiка – перадало дакумэнты ў Мiністэрства юстыцыі. I хаця, згодна з законам, маладыя палітыкі мусілі былі атрымаць адказ на свой зварот на працягу месяца, ён быў накіраваны ім толькi 15 траўня, што зьяўляецца парушэньнем заканадаўства.

Прэзыдэнт Аб’яднаньня Аляксандар Цынкевіч так ацэньвае сытуацыю вакол арганізацыі…

(Цынкевіч: ) “Рэспубліканская грамадзкая арганізацыя “Беларускае аб’яднаньне маладых палітыкаў” уважае, што адмова ў рэгістрацыі з боку міністэрства юстыцыі беспадстаўная. Першае, гэта тое, што статут нашай арганізацыі, нібыта, прадугледжвае ўмяшаньне ў працу дзяржаўных органаў, чым парушае закон. Мы ня лічым, што гэта ўмяшальніцтва ў працу дзяржаўных органаў. Зараз у краіне ўлада спрабуе наладзіць дыялёг з грамадзкімі арганізацыямі, і вось зараз усе грамадзкія арганізацыі, якія ўдзельнічаюць у дыялёгу, якраз і займаюцца тым, што ўзаемадзейнічаюць з заканадаўчымі і выканаўчымі органамі ўлады ў Беларусі. І таму забараняць на гэтай падставе нашую арганізацыю… З такім жа посьпехам можна забараніць кожную арганізацыю, якая бярэ ўдзел у дыялёгу”.

Гэта быў прэзыдэнт Беларускага аб’яднаньня маладых палітыкаў Аляксандар Цынкевiч.

Паводле словаў спадара Цынкевіча, кiраўнiцтва Аб’яднаньня наважана абскардзiць рашэньне Мiністэрства юстыцыі ў Вярхоўным судзе. Рыхтуецца й скарга ў Пракуратуру краіны, паколькі Аб’яднаньне зафіксавала факты ўціску з боку супрацоўніка Міністэрства юстыцыі на некаторых удзельнікаў сваёй устаноўчай канфэрэнцыі.

Уладзімер Глод, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG