Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 12 траўня)
Чаму шматлікія працоўныя канфлікты ў сёньняшняй Беларусі не знаходзяць належнага вырашэньня? У прыватнасьці, з боку Рэспубліканскага працоўнага арбітражу? Надоечы звольнены заступнік ягонага старшыні Міхал Віршыч сёньня распавёў нашаму карэспандэнту пра ценявыя бакі дзейнасьці гэтага дзяржаўнага ведамства.

Міхал Віршыч працаваў заступнікам старшыні Рэспубліканскага працоўнага арбітражу з моманту яго стварэньня ў 1995 годзе. Пра сваё цяперашняе звальненьне ён паведаміў наступнае:

(Віршыч: ) “Звольнілі, я лічу, неабгрунтавана і незаконна. А выглядала як? Прыдумваецца Дзіковічам, старшынём арбітражу, што я ня выканаў ягонае даручэньне. Ён унес такую прапанову аб звальненьні мяне з нагоды таго, што ў мяне няма кваліфікацыі юрыста – у мяне вышэйшая тэхнічная адукацыя, вычыўся па лініі Міжнароднага Валютнага Фонду, Сусьветнага Банку. Спэцыяльна вучыўся, на курсах быў…”

(Карэспандэнт: ) “А сапраўдныя прычыны Вашага звальненьня? Чаму Ігар Дзіковіч пачаў перасьлед менавіта Вас?”

(Віршыч: ) “Я напісаў ліст у Камітэт дзяржаўнага кантролю аб праверцы дзейнасьці арбітражу наогул, аб неабгрунтаваных тратах грошай, незаконных, якія рабіў Дзіковіч. Дзяржкантроль даў даручэньне міністэрству фінансаў, КРУ – кантрольна-рэвізыйнаму ўпраўленьню, каб яны праверылі. Факты гэтыя пацьвердзіліся”.

(Карэспандэнт: ) “У чым мэты Рэспубліканскага працоўнага арбітражу?”

(Віршыч: ) “Разглядаць канфлікты паміж работнікамі і наймальнікамі – гэта асноўная функцыя. Ёсьць адмысловы закон, працоўны кодэкс, якімі прадугледжаны разгляд гэтых спрэчак і канфліктаў. Але за мінулы год у арбітражы не было разгледжана ніводнае спрэчкі”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму?”

(Віршыч: ) “Таму што да нас заявы ад прадпрыемстваў і прафсаюзаў не паступалі”.

(Карэспандэнт: ) “Вы лічыце, што працоўных канфліктаў не было ў Беларусі?”

(Віршыч: ) “Былі канфлікты, але на мой погляд, і прафсаюзы і наймальнікі лічаць, што наш ворган ня можа разгледзець канфлікты так, як ім хацелася б, бо мы ня маем ніякіх штрафных санкцыяў для выкананьня нават свайго рашэньня. Ім лепш зьвярнуцца ў суд, чым у арбітраж”.

(Карэспандэнт: ) “Вы асабіста ініцыявалі нейкія працэсы, каб апраўдаць існаваньне працоўнага арбітражу?”

(Віршыч: ) “Мы спрабавалі заключаць дамовы паміж наймальнікамі і намі, уладай – паміж трыма бакамі. Мы спрабавалі гэта зрабіць”.

(Карэспандэнт: ) “З канца мінулага году пачаўся перасьлед свабодных прафсаюзаў на прадпрыемствах. Вы ў курсе гэтага пытаньня?”

(Віршыч: ) “У курсе. Ад Свабоднага прафсаюза запатрабавалі так званы 10-адсоткавы бар’р. Для таго, каб існаваў Свабодны прафсаюз, трэба было, каб ён меў 10 адсотка ад агульнай колькасьці працаўнікоў на прадпрыемстве”.

(Карэспандэнт: ) “Сёньня перасьлед працягваецца. Вы лічыце, каб Свабодны прафсаюз зьвярнуўся ў працоўны арбітраж, сёньняшняе кіраўніцтва паспрыяла б таму, каб спыніць гэты перасьлед?”

(Віршыч: ) “Я думаю сёньня тыя, хто там застаўся працаваць, – яны ня змогуць зрабіць гэтага, бо няма каму рабіць. Засталася чацьвертая частка пэнсіянэраў – ім сёньня не да гэтага, ім сёньня абы атрымліваць добрую пэнсію, абы было ўсё ціха”.

(Карэспандэнт: ) “Адміністрацыя прэзыдэнта ведае пра такую кадравую палітыку, і калі ведае, дык нейкім чынам супрацьдзейнічае гэтай палітыцы?”

(Віршыч: ) “Я аб гэтым паведамляў у галоўнае ўпраўленьне кадравай палітыкі, але ніякіх высноваў, ніякіх дзеяньняў з боку адміністрацыі не відаць”,

– паведаміў нашаму Радыё звольнены заступнік старшыні Рэспубліканскага працоўнага арбітражу Міхал Віршыч.

Дарэчы, гэтае звальненьне былы чыноўнік мяркуе аспрэчыць у судзе. Судовы разгляд ягонае справы прызначаны на 25 траўня.

Міхал Стэльмак, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG