Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Учора зборная Чэхіі па хакеі у фінальнай гульні чэмпіянату сьвету перамагла зборную Славаччыны, і Прага некалькі гадзінаў нагадвала места, што перажывае стыхійную навалу. Кожны разумеў: перамога на чэмпіянаце сьвету – сьвята агульнанацыянальнае… Сьвята, калі хочаце, нацыяналістычнае…Камэнтуе Сяржук Сокалаў-Воюш.

Розьніца была толькі ў тым, што галасы людзей былі не адчайныя і спалоханыя а радасныя, і ў руках яны трымалі ня тое, што пасьпелі ў апошні момант прыхапіць з сабой, а загадзя падрыхтаваныя нацыянальныя сьцягі, загадзя набытыя пляшкі шампанскага ці піва.

Наўрад ці была ў гэты вечар у Празе хаця б адна машына, якая б саўдзельна не пасігналіла кампаніям мінакоў. Шмат якія аўтамабілі былі ўпрыгожаныя чэскімі сьцягамі, а хуткасьць, зь якой яны праносіліся па вуліцах, не цікавіла нават паліцыю… Людзі весяліліся пырскаліся шампанскім, абдымаліся, сьпявалі нацыянальны гімн…

Нацыяналізам і спорт – зьявы цесна зьвязаныя паміж сабой. Так было здаўна. Прынамсі бальшыня ўсходніх спартовых адзінаборстваў маюць у падмурках сваёй філязофіі і цагліну нацыяналізму. Што ж да Захаду, то і тут спорт і нацыяналізам зьявы адна адной – не чужыя. Дастаткова прыгадаць фашыстоўскую Нямеччыну, дзе спартовыя перамогі разглядаліся як у пляне палітычным, так і ў нацыяналістычным, маўляў, мы мацнейшыя, а значыць лепшыя, значыць вышэйшыя. Тое ж самае мы назіралі і ў загіблым СССР. Але, калі Нямеччына і СССР мелі адзіна-слушны погляд на спорт, то сёньняшні плюралістычны Захад раглядае цэлае суквецьце ацэнак і падыходаў.

Так Генэральны дырэктар ААН у справах адукацыі, навукі і культуры (ЮНЭСКА) Фэдэрыка Маёр у часе аднаго са сваіх выступаў адзначыў, што спорт ёсьць паўнапраўным элемэнтам сучаснай культуры, раўнацэнным этыцы і гісторыі. Спорт, паводле Фэдэрыка Маёра, “стаў самай распаўсюджанай формай сучаснай культуры”, ён “дапамагае ўзбагачэньню асобы ў той самай ступені, як мастацтва і паэзія”.

З іншага боку, вядомае выказваньне колішняга прэзыдэнта ЗША Рональда Рэйгана, што (цытую): “Спорт гэта праява ўзаемнай нянавісьці… Гэта апошняя магчымасьць, якую нашая цывілізацыя дае дзьвюм асобам для фізычнай агрэсіі. Спорт – найбольш блізкая да вайны галіна чалавечай дзейнасьці”.

Гэтую тэму разьвівае далей вядомы філёзаф і псыхоляг са Злучаных Штатаў Эрык Фром, які піша: “гляньце, які вар’яцкі нацыяналізам аб’ядноўвае людзей, што сочаць за хадой сучасных Алімпійскіх гульняў, якія, нібыта, служаць справе міру. На самой жа справе, папулярнасьць Алімпійскіх гульняў – гэта сымбалічны паказ заходняга паганства. Яны ўслаўляюць паганскага героя: пераможцу, самага моцнага, самага ўпартага, і пры гэтым не заўважаюць пагрознай сумесі бізнэсу і рэклямы, такой характэрнай для імітацыі тых алімпійскіх гульняў, якія праводзіліся ў Старажытнай Грэцыі”.

І яшчэ. Сучасныя філёзафы заўважаюць, што спорт становіцца ня толькі адной з формаў нацыянальнага гонару, а і адным са складовых вызначэньняў нацыі. Калі раней нацыю аб’ядноўвала ідэя выжываньня і барацьбы із супольнымі ворагамі, то цяпер, месца гэтых двух чыньнікаў у інтэграваным сьвеце пачынае займаць спорт. Мясцовыя каманды выклікаюць мясцовы патрыятызам, рэгіянальныя – рэгіянальны. Каманды ад краіны – нацыянальны. Больш таго, спорт спрыяе і разьвіцьцю кантынэнтальнага патрыятызму, калі скажам зборная Эўропы па футболе сустракаецца са зборнай Паўднёвай Амэрыкі або сьвету.

А цяпер ад філязофскіх поглядаў да рэальнасьці.

Пройгрыш расейскай зборнай у чэмпіянаце сьвету па хакеі Расея ацаніла як нацыянальную ганьбу. Пройгрыш зборнай Латвіі – як ганьбу ў квадраце. А вось да пройгрышу Беларусам расейцы паставіліся больш спакойна. Затое самі Беларусы перажылі ў той вечар ля экранаў тэлевізараў ня толькі эйфарыю, а і пачуцьцё нацыянальнага гонару. Напраўду, Беларусы ня выйшлі пасьля гэтага сэнсацыйнага посьпеху на вуліцы сваіх мястэчак і не ўзьнялі нацыянальнай сымболікі, паколькі гэтая перамога была толькі эпізодам, а таксама таму, што беларуская міліцыя, ув адрозьненьні ад чэскай і славацкай паліцыі, лічыць, што радасьць можа быць толькі афіцыйна дазволенай і не разумее несанкцыянаваных агульнанацыянальных сьвятаў.

Цікава, што спартовы патрыятызам зусім не залежыць ад таго, які пашпарт чалавек мае ў кішэні. Адзін мой знаёмы грамадзянін ЗША, ў якога маці – чэшка, а бацька – Беларус, на маё пытаньне, на чыім баку былі б ягоныя сымпатыі ў выпадку, калі б на першае месца прэтэндавалі зборныя ЗША, Чэхіі і Беларусі адказаў: “Вядома за Беларусь!”

Мае дзеці, шасьці і сямі гадоў, глядзелі па тэлебачаньні гульню Беларусь – Швайцарыя. Глядзелі спакойна да таго часу, пакуль на экранах тэлевізараў не зьявіўся бел-чырвона-белы сьцяг. Каб падтрымаць нашых, яны ўзялі плякат з “Пагоняй” і ўжо не выпускалі яго з рук да канца гульні.

Сяржук Сокалаў-Воюш

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG