Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Навіны культуры за мінулы тыдзень.

Новым кіраўніком Польскага Інстытуту ў Менску прызначаны вядомы актор Цэзары Карпіньскі, які раней працаваў дырэктарам Тэатра імя Юльяна Астэрвы ў Любліне. Томаш Нягодзіш, які ачольваў Польскі Інстытут апошнія тры гады, зьяжджае на пасаду пасла Польшчы ў Сэнэгале. Пад кіраўніцтвам пана Нягодзіша Польскі Інстытут стаўся добрым апірышчам далёкай ад афіцыёзу культуры Беларусі. Немагчыма пералічыць усе фэстывалі, кінапаказы і выдавецкія праекты, якія ён дапамог зрэалізаваць – згадаем толькі шыкоўныя выданьні “Беларускага кнігазбору”. За тры гады ў Беларусі выступілі каля тысячы польскіх артыстаў, пісьменьнікаў і навукоўцаў.

У Нацыянальным Мастацкім музэі адчынілася выстава адрэстаўраваных абразоў, фрагмэнтаў дэкору касьцёлаў і цэркваў, а таксама сьвятарскай вопраткі, чадзілаў і келіхаў XVII—XVIII стагодзьдзяў. Празь некалькі гадоў, калі музэй, нарэшце, дабудуе свой новы корпус, гэтыя творы старога беларускага мастацтва стануцца падмуркам ягонай асноўнай экспазыцыі. У адкрыцьці выставы браў удзел ансамбаль салістаў “Клясык-Авангард”, які агучыў творы беларускіх кампазытараў пачатку ХІХ стагодзьдзя.

У Міністэрстве замежных справаў да канца траўня будзе ўтворанае новае падразьдзяленьне, прызначанае курыраваць кантакты лукашэнкаўскага рэжыму зь беларускай дыяспарай. Пакуль што гэтыя функцыі выконвае (амаль бязь ніякага плёну) Дзяржкамітэт у справах рэлігіяў і нацыянальных мяншыняў. Узначаліць новую структурную адзінку добра вядомы замежным беларусам былы міністар культуры, а потым пасол Беларусі ў Літве Яўген Вайтовіч.

Міхаіл Пташук, нарэшце, скончыў здымаць свой блёк-бастэр “Момант ісьціны”, які “зьеў” амаль увесь леташні і сёлетні бюджэт беларускага мастацкага кіно. Раней плянавалася, што прэм’ера стужкі адбудзецца ў Крамлёўскім палацы 9 траўня з удзелам Лукашэнкі і Пуціна. Яе нават зьбіраліся паслаць на Міжнародны фэстываль у Канах і ўжо зрабілі рэклямны ролік, але заўпарціўся сцэнарыст Уладзімер Багамолаў. Ён патрабуе прыбраць з тытраў ягонае імя, бо фільм у Пташука атрымаўся надта фальшывы. У сямідзясятыя гады Багамолаў дамогся закрыцьця першага фільма паводле гэтага сцэнару, які здымаў Вітаўтас Жалакявічус – маўляў, “нярускі чалавек няздольны праўдзіва паказаць перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне”. Прэм’ера стужкі Пташука прызначаная на 3 ліпеня.

Напярэдадні ганебнага рэфэрэндуму аб забароне нацыянальнай сымболікі Малады Фронт правёў навуковую канфэрэнцыю, прысьвечаную гісторыі сакральных сымбаляў Беларусі і спосабам іх прапагандаваньня ў грамадзтве, найперш – у маладзёвым асяродку. Адна з найбольш цікавых ідэяў, што прагучалі на канфэрэнцыі, такая: бел-чырвона-белы сьцяг паходзіць з адбітку цела Хрыста на палатне, у якое яго загарнулі, зьняўшы з крыжа.

12 траўня споўнілася 200 гадоў з дня народзінаў выбітнага мастака Валентыя Ваньковіча. У Менску, на рагу Інтэрнацыянальнай і Энгэльса, адчыніўся музэй “Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы ХІХ стагодзьдзя”. Сярод экспанатаў – партрэтная галерэя ХVII-XIX стагодзьдзяў, мэбля і посуд тае эпохі. Копіі партрэта Валентыя Ваньковіча і партрэта ягонага сябра Адама Міцкевіча напісаў польскі мастак Рышард Прымке.

Юрась Барысевіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG