Група нямецкіх і японскіх навукоўцаў здолела выдзеліць генэтычную структуру
чарговай храмасомы чалавека. Навуковы камэнтатар газэты Finantial Times
Вікторыя Грыффітс лічыць, што гэтае адкрыцьцё можа мець рэвалюцыйнае значэньне
ў спробах чалавека зразумець генэтычную прыроду ўласнага арганізму.
Вікторыя Грыффітс сьцьвярджае, што праз 6 тыдняў удзельнікі міжнароднага
супольнага дасьледаваньня (нямецкія і японскія навукоўцы) будуць у стане
скласьці агульную генэтычную схему чалавека, так званую “кнігу жыцьця”,
у якой будуць ня менш за 90% усей колькасьці генаў чалавека.
Гэткага надзвычайнага выніку японскія і нямецкія навукоўцы дасягнулі
таксама ў выніку жорсткай канкурэнцыі з групай амэрыканскіх генэтыкаў з
сусьветна вядомай навуковай асацыяцыі “Гэлэра Геномікс”, якая ў свой час
першая адкрыла ўзаемазалежнасьць у геннай структуры чалавека.
Над супольным япона-нямецкім праектам працавала некалькі навукова-дасьледчых
інстытутаў абедзьвюх краінаў. У выніку яго навукоўцы здолелі адкрыць структуру
21-й храмасомы чалавека. Да гэтага вучоныя ведалі структуру толькі адной
храмасомы – 22-й з 23-х, якія існуюць у арганізме чалавека. Структура 22-й
храмасомы была адкрытая ў сьнежні мінулага году, і гэтае адкрыцьцё адразу
спрычынілася да выразнага росту акцыяў біятэхналягічных кампаніяў на біржах
сьвету.
21-я храмасома мае вельмі важную ролю ў жыцьцязабясьпячэньні арганізму
чалавека. Менавіта яна адказная за хваробу Альтгаймэра, за некаторыя формы
рака і так званы “сындром Даўна”.
Вынікі гэтага супольнага япона-нямецкага дасьледаваньня былі апублікаваныя
ў апошнім нумары часопіса Nature. Вікторыя Грыффітс адзначае на старонках
газэты Finantial Times, што адным з галоўных яго дасягненьняў зьяўляецца
падлік агульнай колькасьці генаў у чалавека. Іх прыблізна 40 тысячаў. Гэта
на адну траціну, а можа і напалову, менш, чымся лічылася раней. Праўда,
навука дасюль ня ведае ўсе ўзаемазалежнасьці геннай сеткі.
На думку Вікторыі Грыффітс, стварэньне “кнігі жыцьця” мае ня толькі
навукавае, але і важнае камэрцыйнае значэньне. Навукоўцы цяпер будуць з
кожным днём усё глыбей і глыбей пранікаць у структуру наступных храмасомаў,
так як яны гэта зрабілі ў выпадку 21-й храмасомы. І гэта дае новыя надзвычайныя
магчымасьці для разьвіцьця генэтыкі.
Мікола Іваноў
Самае папулярнае
1