Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Паводле афіцыйных дадзеных, па станe на 12 траўня ў Беларусі зафіксавана 417 лясных і 848 тарфяных пажараў на плошчы каля 2-х тысячаў гэктараў. З тушэньня самага велізарнага ў Менскай вобласьці тарфяна-ляснога пажару вядзе рэпартаж наш карэспандэнт Алесь Мікалайчанка.

Гэты пажар вось ужо трэція суткі запар віруе на стыку Слуцкага, Вузьдзенскага й Пухавіцкага раёнаў. На ўсход ад шашы Менск – Слуцак тэрыторыя пажару расьцягнулася ўшыркі на 3, у даўжыню – на 15 кілямэтраў. Нутро гэтае паласы – суцэльнае пекла, мроіва агню, дыму й смуроднага тарфянога пылу. Яно налятае з поўначы на вёскі Белая Лужа, Крывая Града й пасёлак Вежы, перакрывае мясцовыя дарогі, лезе ў вочы й вушы, перашкаджае рухацца аўтатранспарту й працаваць на палетках мэханізатарам.

Сёньня ўраніцу я праехаў шматкілямэтровую лінію супрацьпажарнай абароны як раз паміж гэтымі населенымі пунктамі Слуцкага раёну. Ды высьветліў, што згаданы пажар распачаўся зь невялічкіх дробных агменьчыкаў яшчэ 1 траўня. Але мясцовыя ўлады тэрміновыя захады ў тушэньні вагню прымаць не сьпяшаліся.

Гаворыць старшыня суполкі Незалежнага прафэсійнага саюзу саўгасу “Слуцак”, жыхар места Вежы Мікола Сьмірноў:

“Пажар магчыма было ліквідаваць адразу. Але не маглі вызначыць: да каго адносіцца, так як пажар узьнік на …нэйтральнай тэрыторыі”.

Пэўную актыўнасьць пухавіцкія пажарныя, слуцкія, вузьдзенскія ды менскія абласныя ўлады пачалі выяўляць два дні таму, калі вецер разьдзьмуў гэты агонь, а дым і тарфяны пыл пачаў засьцілаць вуліцы Крывое Грады й Вежаў. Аднак час дзеля таго, каб апэратыўна яго ўтаймаваць, быў упушчаны. Таму сёньня пажарныя, мэханізатары й падсобныя рабочыя ўсяго толькі абараняліся ад бяды. Яны капалі глыбокую супрацьпажарную канаву й вадою зь меліярацыйных каналаў палівалі тарфяное балота.

На што ж спадзяюцца ліквідатары небясьпечнае сытуацыі?

Як сказаў мэханізатар саўгасу “Слуцак”, што назваў сябе Аляксандрам, ён асабіста спадзяецца толькі на Бога. Можа ён… “пашле дажджу”, – зазначыў спадар Аляксандар.

Самая вострае становішча сёньня ў сярэдзіне дня склалася на адлегласьці трыста мэтраў ад пабудоў Крывое Грады. Тут, між іншым, пачалося хваляваньне жыхароў вёскі за жыцьці й здароўе сваіх дзяцей. І ўлады адрэагавалі даволі апэратыўна.

Гаворыць мясцовая жыхарка, дэпутат сельскага Савету Сьвятлана Нямковіч:

“У нас учора былі раённыя – заступнік старшыні Далгучыц, прыяжджала старшыня селькага Савету. Тлумачылі: “Аніякай панікі! Мы гэтага нічога не дапусьцім. Не хвалюйцеся – усё будзе нармальна. На надвор’е трэба спадзявацца”.

Гэта была Сьвятлана Нямковіч. Паводле інфармацыі старшыні вежаўскай арганізацыі “Працоўныя жанчыны” Ніны Сьмірновай, Слуцкі раённы выканаўчы камітэт пакуль не абяцае эвакуацыі дзяцей жыхарам пасёлку Вежы. Ніна Сьмірнова лічць, што такую эвакуацыю трэба праводзіць ужо сёньня, бо землі саўгасу “Слуцак” маюць радыяцыйную забруджанасьць. Парывісты вецер гэтую радыяцыю ўздымае разам з дымам і пылам у паветра. У ейных і суседзкіх дзяцей апошнімі днямі назіраецца слабасьць, з носу йдзе кроў.

Зараз, калі ў эфіры гучаць гэтыя словы, рада суполкі “Працоўныя жанчыны” рашае пытаньне аб правядзеньні ў самы бліжэйшы час несанкцыянаванага пікету ля будынку Слуцкага раённага выканаўчага камітэту, калі толькі не адбудзецца тэрміновая эвакуацыя няпоўнагадовых жыхароў пасёлку.

Алесь Мікалайчанка, Слуцкі раён

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG