Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


14 траўня а 19-й гадзіне ў Менску на Кастрычніцкім пляцы адбудуцца масавыя нацыянальныя гуляньні. Ёсьць засьцярога, што гэтая акцыя можа мірна ня скончыцца.

Пяць год таму ў выніку гэтак званага рэфэрэндуму беларускі народ зноў рэкрутавалі пад савецкія сьцягі таталітарнага часу. Сем стагодзьдзяў беларускае гісторыі фактычна былі прайгнараваныя. Гістарычныя бел-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня” навогул аб’яўленыя па-за законам. Пяць год прыхільнасьць да гістарычных каштоўнасьцяў караецца лукашэнкавымі законамі. Дзясяткі людзей пацярпелі толькі за тое, што мелі сьмеласьць не адмовіцца ад ідэі адраджэньня беларускае мовы й сымболікі.

Менавіта такія людзі, паводле меркаваньня арганізатараў нядзельнага гуляньня, і прыйдуць у нядзелю, 14 траўня на Кастрычніцкі пляц у Менску. Ня выключана, што ім у чарговы раз прыйдзецца сутыкнуцца з правакацыямі цяперашняга рэжыму. Вядома, што спалучэньне белага й чырвонага колераў служыць для ўладаў найвялікшым раздражняльнікам.

Ініцыявала безпрэцэдэнтную дагэтуль акцыю Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (“Народная Грамада”). Гуляньні павінны стаць лягічнай кропкаю ў шэрагу пасьпяховых веснавых акцыяў беларускай апазыцыі. Паводле Мікалая Статкевіча, нейкага адмысловага дазволу ад уладаў гэтая акцыя не патрабуе, бо аніякіх палітычных лёзунгаў дэклямавацца ня будзе.

Хоць, несумненна, у маральным сэнсе гэтая акцыя стане альтэрнатывай гэтак званаму афіцыйнаму сьвяту “герба и флага”. Ад удзельнікаў гуляньняў не патрабуецца нічога, акрамя невялікага пажаданьня: мець пры сабе атрыбуты нацыянальных колераў. Менавіта гэта й падкрэсьлівае лёзунг, які будзе адлюстроўваць ідэю сьвята: “Родная мова, сымбалі Бацькаўшчыны вечныя”.

Пад час акцыі плянуюцца паэтычныя чытаньні, шматлікія конкурсы, выступы беларускіх бардаў, у тым ліку Віктара Шалкевіча. Мяркуецца, што на пляц выйдуць як мінімум 5 тысячаў чалавек.

Як павядуць сябе ў гэтай сытуацыі сілавікі, цалкам будзе залежыць ад Управы нутраных справаў Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту. Матывуючы, што месцы збору апазыцыі дазволеныя выключна ў парку “Дружбы народаў”, міліцыянты могуць атрымаць дазвол на разгон мірных людзей. Пакуль што аніякай афіцыйнае рэакцыі на ідэю гуляньняў ў цэнтры сталіцы не было.

Ігар Карней, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG