Група экспэртаў пры гэтак званым “грамадзка-палітычным
дыялёгу”распрацоўвае шэраг зьменаў у закон аб правядзеньні мітынгаў, шэсьцяў
і пікетаваньняў. Улады не выключаюць, што прэзыдэнцкі “парлямэнт” прыслухаецца
да гэтых прапановаў.
Пра тое, што гэты закон, прыняты ў сьнежні 97-га году, можа быць скарэктаваны,
паведаміў сёньня ў часе прэсавае канфэрэнцыі міністар юстыцыі Беларусі
Генадзь Варанцоў. Паводле ягоных словаў, экспэрты ўжо правялі некалькі
паседжаньняў і падрыхтавалі зьмены ў закон, якія неўзабаве будуць пераданыя
на разгляд гэтак званае “Палаты прадстаўнікоў”. На думку міністра Варанцова,
ёсьць значныя шанцы на тое, што дэпутаты прыслухаюцца да прапановаў экспэртаў.
Гаворыць Генадзь Варанцоў:
“У рэспубліцы йдзе дыялёг у тым ліку і з апазыцыяй. У мяне пратаколы
экспэртавае групы ў пытаньні рэалізацыі грамадзянскіх правоў на сходы,
мітынгі ды шэсьці, і захаваньня пры гэтым патрабаваньняў закону. Ёсьць
заўвагі й прапановы. Гэта пераважна пытаньні, што тычацца тэрмінаў накіраваньня
заявак на правядзеньне акцыяў, месцаў іхнага правядзеньня й гэтак далей”,
– паведаміў міністар юстыцыі.
Цяпер у Беларусі дзейнічае закон ад 97-га году, які, паводле словаў
спадара Варанцова, ідэнтычны старому савецкаму, а таксама мінулагодні дэкрэт
Аляксандра Лукашэнкі, што фактычна забараняе правядзеньне масавых акцыяў
у цэнтры Менску. Свой унёсак у справу забароны грамадзкіх акцыяў зрабіў
і гарадзкі выканаўчы камітэт, вызначыўшы тры месцы іхнага правядзеньня:
пляц Бангалёр, парк ля стадыёну “Трактар” і пляцоўку ля цырку-шапіто.
Другі ўдзельнік прэсавае канфэрэнцыі, заступнік старшыні гарадзкога
выканаўчага камітэту Віктар Чыкін паведаміў, што апазыцыі, маўляў, няма
чаго скардзіцца: пляцоўка на Бангалёры абсталяваная ўсім неабходным і месьціцца
недалёка ад цэнтру. Тым ня менш, паводле словаў Чыкіна, апазыцыя наўмысна
шукае канфрантацыі з уладамі й заўжды прапануе такія варыянты маршруту
сваіх калёнаў, дазвол на якія гарадзкі выканаўчы камітэт даць ня можа.
На праспэкце ж Скарыны й цэнтральных менскіх пляцах дазваляецца праводзіць
акцыі толькі пад час дзяржаўных сьвятаў.
Віктар Чыкін сьцьвярджае, што апазыцыя ня ўмее сябе цывілізавана паводзіць
і ў шмат якіх выпадках з-за дзеяньняў праціўнікаў уладаў бюджэту сталіцы
былі нанесеныя значныя матэрыяльныя страты. Перадусім з-за спыненьня руху
транспарту ў цэнтры Менску.
На пытаньне ж нашага радыё, якія страты панёс сталічны транспарт на
пачатку траўня, калі на праспэкце Скарыны пад час рэпэтыцыяў вайсковага
параду штовечар цалкам спыняўся рух, спадары Чыкін і Варанцоў канкрэтнага
адказу не далі.
Альгерд Невяроўскі, Менск
Самае папулярнае
1