Сёньня ў Маскве група аўтаматчыкаў са значкамі супрацоўнікаў падаткавае
паліцыі заблякавала офісы холдынгу “Мэдыя-Мост”. Супрацоўнікі былі сагнаныя
ў памяшканьні сталоўкі і ўтрымліваліся там некалькі гадзінаў. Як паведаміла
прэсавы сакратар расейскай Фэдэральнай службы падаткавае паліцыі, супрацоўнікі
гэтае службы ўсяго толькі забясьпечвалі так званае “фізычнае прыкрыцьцё”
дзеяньняў пракуратуры і ФСБ.
Холдынгу “Мэдыя -Мост” належаць тэлеканал НТВ, а таксама шэраг уплывовых
друкаваных выданьняў – газэта “Сегодня” і часопіс “Итоги”.
Галоўны рэдактар газэты “Сегодня” Міхаіл Бергер, гаворачы пра магчымыя
прычыны сёняшняй падзеі, нагадаў, што апошнім часам газэта надруквала некалькіх
артыкулаў, прысьвечаных карупцыі ў вышэйшых эшэлёнах расейскіх спэцслужбаў.
У прыватнасьці, героем некалькіх публікацыяў стаў намесьнік начальніка
ФСБ, кіраўнік дэпартамэнту эканамічнае контравыведкі генэрал Застроўцаў.
Зварот рэдакцыі газэты да кіраўніка ФСБ Патрушава з просьбай пракамэнтаваць,
пацьвердзіць альбо абвергнуць прыведзеныя ў артыкулах факты – застаўся
без адказу. Сёньня рэдактар газэты назваў адказам зьяўленьне аўтаматчыкаў
у чорных масках.
Галоўны рэдактар часопіса “Ітогі” Сяргей Пархоменка падкрэсьліў, што
праваахоўчыя ворганы ня выставілі афіцыйных абвінавачаньняў. Тая ж інфармацыя,
якая паступіла журналістам па неафіцыйных каналах з пракуратуры Расеі,
сьведчыць, што адна з магчымых прэтэнзіяў да дзейнасьці дэпартамэнту бясьпекі
холдынгу “Мост” - гэта ўмяшальніцтва ў “асабістае жыцьцё грамадзянаў”.
Пры гэтым, канешне, варта мець на ўвазе, што і кіраўнікі спэцслужбаў маюць
права на асабістае жыцьцё. І калі да журналіста трапляе інфармацыя пра
сумнеўныя ўчынкі такіх асобаў – дзеяньні журналіста альбо тых, хто дапамог
яму знайсьці інфармацыю, пры жаданьні можна кваліфікаваць як умяшаньне
ў асабістае жыцьцё.
Сёньняшнія маскоўскія падзеі ў значнай ступені могуць даць адказ на
пытаньне, якое хвалюе аналітыкаў як на Захадзе, гэтак і ў самой Расеі:
куды пойдзе Расея пры новым прэзыдэнце?
Паводле дакумэнту, надрукаванага газэтай “Коммерсантъ” 3 траўня, – ён,
сьцьвярджае газэта, быў распрацаваны спэцслужбамі – пуцінскай Адміністрацыі
прапаноўваюцца функцыі, якія не прадугледжаныя расейскай канстытуцыяй,
але добра вядомыя з камуністычных часоў: гэта – роля ЦК СПСС, воргана,
які меў неабмежаваную ўладу.
Зрэшты, дзеля параўнаньня нават і ў нядаўнюю гісторыю можна не зазіраць:
дастаткова паглядзець на цяперашнюю адміністрацыю Лукашэнкі. Непадкантрольнасьць
ніякай іншай – судовай альбо заканадаўчай уладзе, падаўленьне дэмакратычных
інстытутаў, жорсткія адносіны да прэсы – вось найбольш характэрныя якасьці
такой мадэлі. Але самая галоўная яе ўласьцівасьць – гэта татальны кантроль
над грамадзтвам. Гэтым яна і адрозьніваецца ад прававой дзяржавы, дзе,
наадварот, грамадзтва кантралюе ўладу.
Пакуль што невядома, у якой ступені надрукаванае маскоўскай газэтай
будзе адпавядаць сапраўдным памкненьням новага расейскага прэзыдэнта. Днямі
мы пазнаёмілі слухачоў зь меркаваньнем вашынгтонскага аналітыка Пола Гобла,
які лічыць, што вярнуцца да паліцэйскага рэжыму ў Расеі будзе вельмі складана.
Безумоўна, такое вяртаньне на абшарах гіганцкай краіны – справа няпростая.
Аднак нават самая вялікая справа заўсёды пачынаецца з малога.
Сёньня ў Страсбургу міністры замежных справаў краінаў Эўразьвязу абмяркоўваюць,
ці варта выключаць Расею са складу Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы за
парушэньні правоў чалавека у Чачні. Напэўна, пра сёньняшнія падзеі ў Маскве
гаворка на гэтым саміце ня пойдзе – утрыманьне некалькіх дзясяткаў чалавек
у памяшканьні сталоўкі выглядае дробным фактам у параўнаньні з масавымі
забойствамі, зьдзекамі і зруйнаваньнямі гарадоў.
Але падзеі гэтыя паказалі, што каманда “Рукі за сьпіну, тварам да сьцяны!”
можа гучаць ня толькі ў фільтрацыйных чачэнскіх лагярох, але й ў фэшэнэбельных
сталічных офісах.
Сяргей Навумчык, Прага
Самае папулярнае
1