Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Замест пікету й мітынгу пратэсту ў дзень пятых угодкаў ганебнага антыбеларускага рэфэрэндуму 14 траўня ў Менску будуць народныя гуляньні.

На сваім апошнім паседжаньні рэспубліканская рада Таварыства Беларускае Мовы вырашала правесьці ў траўні па ўсёй краіне масавыя акцыі пратэсту супроць вынікаў гэтак званага рэфэрэндуму 1995 году. Сакратарыят ТБМ падаў у Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт заяўкі на правядзеньне дзьвюх агульнагарадзкіх антырусіфікацыйных акцыяў – пікету 11 траўня й мітынгу непасрэдна ў дзень угодкаў рэфэрэндуму. Аднак сёньня ТБМаўцы атрымалі ад гарадзкіх уладаў фактычную адмову на гэта.

Гаворыць старшыня ТБМ Алег Трусаў:

(Трусаў: ) “Таварыства Беларускай Мовы вельмі абуранае рашэньнем новага кіраўніцтва Менгарвыканкаму ў сувязі з тым, што мы падалі яшчэ ў красавіку заяўку на мітынг на пляцы ля Палацу чыгуначнікаў на вуліцы Чакалава ў Менску. Мы падалі заяўку ад Менскай гарадзкой арганізацыі на правядзеньне пікету ў Міхайлаўскім сквэры. Мэта мітынгу і пікету – гэта прапаганда беларускай мовы, стварэньне нацыянальнага ўнівэрсытэту. Яны таксама зьвязаныя з пятай гадавінай ганебнага рэфэрэндуму супраць мовы і сымболікі. Раней у нас у Менгарвыканкаме ніколі не было праблемаў. Аднак новае кіраўніцтва ўсе нашыя акцыі перанесла на пляцоўку ў так званым парку Дружбы народаў – гэта плошча Бангалёр і яшчэ далей. Мы лічым, што мы сярод сабакароў ня будзем прапагандаваць ідэі беларускай мовы, гісторыі і культуры”.

– сказаў старшыня ТБМ Алег Трусаў і дадаў, што сакратарыят Таварыства сёньня накіраваў кіраўніцтву Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту ліст з выкладаньнем прычынаў, паводле якіх лічыць непрыймальным пляц Бангалёр для прапаганды беларушчыны. Больш таго, нават саму прапанову лічыць зьневажальнаю для нацыянальнае ідэі.

Аднак падобнае рашэньне ТБМ не азначае адмову ад публічнага выказваньня сваіх адносінаў да праводзімай у краіне пасьля “травеньскага” рэфэрэндуму палітыкі. ТБМ мае намер далучыцца да прапанаваных аб’яднанай апазыцыяй народных гуляньняў 14 траўня.

Працягвае Алег Трусаў:

(Трусаў: ) “Вось гэтыя гуляньні – гэта адзіная магчымасьць, таму што вось нашыя заяўкі, а толькі мы падавалі заяўкі на мітынг і пікет, паказалі, што ўлады ідуць на парушэньні правоў чалавека”,

– лічыць кіраўнік ТБМ.

Дадамо, што для прагулянкі па цэнтры беларускае сталіцы 14 траўня ўвечары прапануецца форма адзеньня ў традыцыйных нацыянальных колерах.

Валянціна Аксак, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG