Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Беларускія ўлады і апазыцыя адзначалі ў Менску 55-ю гадавіну перамогі ў Другой усясьветнай вайне. Афіцыйныя і апазыцыйныя ўрачыстасьці адрозьніваліся й маштабам, і зьместам сьвяткаваньня.

Cёньня ўраніцу цэнтар беларускае сталіцы нагадваў горад на асадным становішчы. Уздоўж праспэкту Скарыны стаяла баявая тэхніка, а ўсе падыходы да пляцу Незалежнасьці былі перакрытыя ўзмоцненымі міліцэйскімі кардонамі. Менск рыхтаваўся да параду. Праўда, уваход на пляц Перамогі, дзе а 9-й гадзіне пачыналася афіцыйнае ўскладаньне кветак, пакінулі вольным.

У вызначаны час, калі на пляцы сабралася каля тысячы чалавек, туды прыбыў картэж Аляксандра Лукашэнкі. Цырымонія не была задоўгай. Усклаўшы вянок да абяліску й трохі пагутарыўшы зь невялікай групкаю вэтэранаў, Лукашэнка пакінуў пляц. Праз 45 хвілінаў на пляцы Незалежнасьці павінна было пачацца галоўнае афіцыйнае відовішча – вайсковы парад.

Прапускалі сюды толькі асобаў, якія мелі адмысловыя пропускі. У бальшыні ж людзі ў разгубленасьці стаялі каля міліцэйскіх кардонаў і ня ведалі, што рабіць. Вось як рэагавалі тыя, каму не ўдалося трапіць на парад…

(Голас жанчыны: ) “Гэта непарадак. Прыйшлі на плошчу, і як вось зараз прайсьці. Мы хацелі на парад і вельмі расчараваныя. НЯ варта было б ставіць міліцыю”.

(Голас жанчыны: ) “Я стаўлюся да гэтага адмоўна. Мы настроіліся на сьвята, а гэта недапрацоўка”.

(Карэспандэнт: ) “Вы з дзецьмі прыйшлі?”

(Голас жанчыны: ) “Так, з дзеткамі, з мужам”.

Лукашэнка, выступаючы на пляцы, чарговы раз нагадаў, што “беларусы разам зь іншымі народамі Савецкага Саюзу выратавалі сьвет ад карычневае чумы”. Далей ён заявіў, што краіны NATO не зрабілі належных высноваў з Другое ўсясьветнае вайны і гэта, маўляў, трывожны знак для Беларусі.

А гарантыямі бясьпекі Беларусі, паводле словаў Лукашэнкі, ёсьць хаўрус з Расеяй і баяздольныя ўласныя ўзброеныя сілы. Пасьля пачалася непасрэдная дэманстрацыя гэтае самае баяздольнасьці. З грукатам, пакідаючы глыбокія драпіны на новым асфальце, праз пляц пачала рухацца вайсковая тэхніка: БТРы, БМП, зэнітныя ды ракетныя ўстаноўкі й г.д. Вялікія цягачы правезьлі супрацьпаветраны комлекс С-300.

Усяго ў парадзе бралі ўдзел 4 тысячы вайскоўцаў. Цікава была чуць, як камэнтатар абвясьціў, што “на пляцы зьявіліся вайскоўцы 120-й дывізіі імя Вярхоўнага Савету” (праўда, не ўдакладніў – якога скліканьня).

За наземным пачаўся парад паветраны. Ґэлікоптэры, зьнішчальнікі й бамбавікі. Пасьля таго, як на нізкай вышыні над пляцам праляцеў цяжкі транспартны самалёт ІЛ-76, спрацавалі ахоўныя сыгналізацыі амаль ва ўсіх аўтамабілях, запаркаваных у прылеглых дварох.

За вайсковай тэхнікай пайшлі трактары, камбайны, тралейбусы й сьнегазборныя машыны – вынікі канвэрсіі абаронных прадпрыемстваў. Замыкалі парад калёны маладога пакаленьня з БПСМу й піянэрскай аганізацыі з партрэтамі Лукашэнкі ў руках, а таксама фізкультурнікі.

Зусім іншая атмасфэра панавала сёньня каля мэмарыялу “Яма”, дзе нацысты ў 1942 годзе зьнішчылі 5 тысячаў вязьняў ґэбрайскага ґэта. Туды прыйшло каля тысячы чалавек, каб ушанаваць ахвяраў вайны. Разам з амбасадарам Ізраіля й вэтэранамі вайны зь днём Перамогі прысутных павіншаваў і сябра сойму БНФ Лявон Баршчэўскі.

Ускласьці кветкі да помніка ахвярам нацызму таксама прыйшлі лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка, кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька, спадары Дабравольскі, Знавец, Шчукін ды іншыя. Быў сярод іх і вядомы пісьменьнік, вэтэран вайны Артур Вольскі. Вось што паведаміў нашаму радыё спадар Вольскі:

(Вольскі: ) “Сёньня я яшчэ наважыўся прайсьці з маімі сябрамі да абэліску. Пакладзем вянкі, пакладзем кветкі, і я гэта зраблю ня толькі ад свайго імя, але і ад імя тых, хто не дажыў да сёньняшняга дня. Я спадзяюсся, што і Васіль Быкаў не пакрыўдзіцца на мяне – я гэта зраблю і ад яго імя. Адзін з самых сапраўдных салдатаў вайны вымушаны жыць недзе ў Нямеччыне. Там яму сёньня цяплей, чым на Бацькаўшчыне. Гэта вельмі крыўдна”,

– гаварыў пісьменьнік Артур Вольскі.

Дэлегацыя прадстаўнікоў беларускай апазыцыі сёньня таксама ўсклала кветкі да помніку Перамогі, мэмарыльнага знаку героям менскага падпольля й да памятнага крыжа ў Курапатах.

Альгерд Невяроўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG