“У параўнаньні зь мінулым годам становішча незалежных
сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі значана пагоршылася, што асабліва
бачна ў эканамічным пляне”, – гэтая цытата ўзятая з аналітычнага дакумэнту
пад назовам “Сродкі масавай інфармацыі ў Беларусі”, які днямі падрыхтаваны
супрацоўнікамі Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі. Сёньня
прадстаўнікі АБСЭ перадалі гэтыя матэрыялы афіцыйным беларускім уладам,
грамадзкасьці краіны, а таксама накіравалі ў Вену, у штаб-кватэру АБСЭ.
У першым разьделе дакумэнту, дзе аналізуецца стан друкаваных выданьняў,
сьцьвярджаецца, што “дзяржаўныя газэты зьяўляюцца манапалістамі ў галіне
палітычнай інфармацыі. Насуперак афіцыйнае статыстыцы, якая, як і раней,
цьвердзіць пра багаты ляндшафт сродкаў масавай інфармацыі, пэрыядычныя
выданьні, што належаць дзяржаве, кантралююць ня менш за 80 адсоткаў беларускага
рынку мас-мэдыяў”.
Незалежныя выданьні, выдаткі якіх вышэй, чым у дзяржаўных, асабліва
адчуваюць на сабе розьніцу ў падыходах з боку ўладаў. Расцэнкі на падпіску
па пошце вельмі моцна адрозьніваюцца: да прыкладу, “Советская Белоруссия”
на другі квартал каштуе 140 рублёў, а “Народная Воля” – 467.
У даведцы паведамляецца, што старшыня Дзяржаўнага камітэту ў справах
друку Міхал Падгайны не адмаўляе факту субсідаваньня дзяржаўных СМІ, але
ён сьцьвярджае, што бальшыня незалежных мас-мэдыяў атрымліваюць дапамогу
з-за мяжы.
Аналізуючы стан электронных СМІ, адмыслоўцы Кансультацыйна-назіральнае
групы АБСЭ канстатуюць наступнае: “Урадавая Дзяржаўная тэлерадыёкампанія
валодае амаль абсалютнай манаполіяй на асьвятленьне нутраной палітыкі і,
як усім вядома, распаўсюджвае толькі прапрэзыдэнцкі пункт гледжаньня. Іншадумства
ня мае доступу ў эфір”.
У адмысловым разьдзеле разглядаецца праўная сытуацыя з мас-мэдыямі.
Зьвяртаецца ўвага на тое, што як Канстытуцыя 1994 году, гэтак і дзейны
Асноўны закон на паперы гарантуюць свабоду СМІ. Беларусь падпісала й Хартыю
правоў чалавека, і Канвэнцыю СНД пра правы чалавека і асноўныя свабоды.
Тым ня менш, Законам “Аб друку ды іншых СМІ” ўсталяванае мноства абмежаваньняў
для выдаўцоў, рэдактараў і журналістаў.
У разьдзеле, прысьвечаным адміністрацыйнаму перасьледу незалежных газэтаў,
прыводзяцца наступныя лічбы: летась 52 пэрыядычныя выданьні атрымалі 76
папярэджаньняў. Прычым, ціск на незалежныя СМІ павялічваецца.
У кароткім лісьце, які падпісаў кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае
групы АБСЭ амбасадар Вік, і які суправаджае падрыхтаваны дакумэнт, адзначана,
што канчатковы правал перамоваў паміж урадам і апазыцыяй адносна доступу
апазыцыі да дзяржаўных СМІ зьяўляецца сур’ёзнай перашкодаю на шляху дэмакратычных
пераўтварэньняў.
Уладзімер Глод, Менск
Самае папулярнае
1