Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


8 траўня – Усясьветны дзень Чырвонага Крыжа й Чырвонага Паўмесяца. У Менску ён быў адзначаны грамадзкай акцыяй.

Ладзіў акцыю Беларускі Чырвоны Крыж пры садзеяньні менскага прадстаўніцтва Міжнароднае Фэдэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа. Праходзіла яна ў сталічным парку імя Горкага. Вось што распавёў нашаму радыё пра гэтую акцыю прэзыдэнт нацыянальнага таварыства Антон Раманоўскі:

(Раманоўскі: ) “Сёньня мы, прафэсыйныя работнікі Беларускага Чырвонага Крыжа, актывісты, сабраліся для таго, каб правесьці гэтае сьвята. Мы працуем самастойна, нам ужо ня трэба аглядацца на Маскву”.

(Карэспандэнт: ) “Хто сёлета аказаў дапамогу Нацыянальнаму камітэту ЧК?”

(Раманоўскі: ) “Мы зьбіраем, як кажуць, па капейцы і дзякуючы гэтаму дапамагаем абяздоленаму насельніцтву. Людзям, якія захварэлі на сухоты летась, мы далі мэдыкамэнты”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта наогул вялікая праблема – сухоты ў Беларусі?”

(Раманоўскі: ) “Так, гэта вялікая праблема. Праўда хвароба зараз стабілізуецца. Мы, на жаль, выйшлі на вельмі высокі ўзровень захворваемасьці на сухоты, які ў 5-6 разоў вышэй, чым у Заходняй Эўропе”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму, на Вашую думку?”

(Раманоўскі: ) “Гэта зьвязана і з эканамічным бокам, а таксама і з тым, што праблема патрабуе значна больш увагі. Трэба праводзіць прафілактычныя агляды. Вялікі наш клопат – рост колькасьці выпадкаў сухотаў у турмах”.

(Карэспандэнт: ) “Арганізацыя Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца змагаецца з беднасьцю. Паводле дадзеных Фэдэрацыі прафсаюзаў у Беларусі 50 адсоткаў насельніцтва – бедныя. На ваш погляд, ці стварае гэта Вам нейкія цяжкасьці?”

(Раманоўскі: ) “Канешне. Мы паказваем, што мы адна з арганізацыяў, якая можа аказваць такую дапамогу з дапамогай сусьветнай супольнасьці”.

– зазначыў Антон Раманоўскі.

Акцыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа сабрала даволі шмат люду. Многія прыйшлі, спадзеючыся на дабрачынную дапамогу. У іх ліку быў і мой наступны суразмоўца:

(Цыркун: ) “Я Цыркун Эдуард Міхайлавіч. Я ўважаю сябе самым-самым бедным чалавекам. У мяне жонка – інвалід першай групы, я – інвалід другой групы”.

(Карэспандэнт: ) “Як Вы думаеце, ад чаго ў Беларусі беднасьць?”

(Цыркун: ) “Таму што кругом усе крадуць – ад вялікіх начальнікаў да самых маленькіх. Кожны дзень усё даражэе. Прадукты асабліва. Ці можна пражыць на пэнсію ў 8,5 мільёны?”

(Карэспандэнт: ) “Калі ў Беларусі будуць выбары, Вы будзеце галасаваць за гэтую ўладу ці не?”

(Цыркун: ) “Не”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму?”

(Цыркун: ) “Я ня бачу ў гэтай уладзе справядлівасьці. Каб яны спачатку інвалідам дапамаглі, а пасьля сабе дачы будавалі і кашалькі набівалі”,

– сказаў нашаму радыё жыхар Менску Эдуард Цыркун.

Падвесьці вынікі сёньняшняй акцыі я папрасіў аднаго з супрацоўнікаў менскага прадстаўніцтва Міжнароднае Фэдэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа Сяргея Невяркевіча:

(Карэспандэнт: ) “Як прадстаўніцтва Міжнароднага Чырвонага Крыжа і чырвонага Паўмесяца ацэньвае дзейнасьць нацыянальнага камітэту?”

(Невяркевіч: ) “Беларускі Чырвоны Крыж – вельмі малады. Нашая роля – дапамагчы Беларускаму Чырвонаму Крыжу пабудаваць гэты будынак так, каб ён быў падобны на тыя, якія ўжо зробленыя ва ўсім сьвеце. Інакш кажучы, дапамагчы БЧК дасягнуць міжнародных стандартаў”.

– сказаў спадар Невяркевіч.

Міхал Стэльмак, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG