8 траўня ў мястэчку Коханава Віцебскае вобласьці адбылося нефармальнае
закрыцьцё афіцыйна забароненай выставы Алеся Пушкіна.
Адкрытая для наведвальнікаў 1 траўня выстава Алеся Пушкіна ўжо трэцяга
траўня была афіцыйна забароненая. Пятага траўня ў арганізатараў выставы
з маладзёвае суполкі “Крам” адабралі ключы ад Дома культуры, дзе экспанаваліся
творы. А восьмага траўня ў Коханава прыехаў сам мастак Алесь Пушкін каб
бліжэй пазнаёміцца з тымі юнакамі, якія адстойвалі ягонае мастакоўскае
імя ў супрацьстаяньні з уладамі. Сяржук Палуда, карэнны жыхар Коханава,
распавёў, што коханаўскае рэгіянальнае аб’яднаньне моладзі, скарочана “КРАМ”,
распрацавала цэлы мастацка-адукацыйны праект пад назовам “Правінцыя”.
Першай ў рэчышчы гэтага праекту і была выстава карцінаў Алеся Пушкіна
ды скульптураў мясьцовага скульптара Палякова. Цікава, што старшыня Талачынскага
райвыканкаму Анатоль Канюхоўскі загадаў згарнуць выставу не з-за сумневу
ў яе мастацкіх вартасьцях, а выключна з палітычных меркаваньняў. Маўляў,
ускладняецца палітычная сытуацыя ў раёне, зьяўляюцца ўлёткі ды актывізуецца
тутэйшая патрыятычна скіраваная моладзь.
Яшчэ адной адзнакай выставы сталася тое, што ў кнізе водгукаў усяго
за тры дні зьявіліся дзесяткі ўдзячных допісаў. А на закрыцьцё выставы
8 траўня зьехаліся каля паўсотні гасьцей зь Віцебску, Воршы ды Талачына.
Дзеля іх Алесь Пушкін паказаў пэрформанс “Першы беларускі партызан”, а
таксама відэастужку зь іншымі перформансамі ды фрагмэнтамі судовых працэсаў,
пад час якіх мастак мусіў адстойваць сваё права на мастацкую творчасьць.
Падзея прайшла без усялякай увагі з боку мясцовых уладаў, ды й прызначана
яна была ня ім, а звычайным людзям – коханаўцам. Арганізатары суполкі “КРАМ”
лічаць, што сваёй мэты выстава дасягнула, і ейная забарона з боку ўладаў
толькі падагрэла цікаўнасьць мясцовых жыхароў да нацыянальнага мастацтва.
Распачаты праект “Правінцыя” будзе працягнуты. Коханаўцы цяпер плянуюць
арганізаваць выставу твораў мастакоў суполкі “Пагоня”, а выстава Алеся
Пушкіна, магчыма, накіруецца ў далейшае падарожжа
да гледачоў беларускае глыбінкі. Браніслава Станкевіч, Талачынскі раён
да гледачоў беларускае глыбінкі. Браніслава Станкевіч, Талачынскі раён