Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У сьвяточныя дні ледзь не ўдвая ўзрастае колькасьць пажараў, прычынаю якіх зьяўляецца неабачлівасьць нецьвярозых грамадзянаў. Сёньня ўраніцу ў Менску ў выніку пажару ў кватэры на праспэкце Пушкіна загінулі тры чалавекі і яшчэ адная жанчына ў вельмі цяжкім стане адвезеная ў шпіталь. Міліцыянты сьцьвярджаюць, што яна была нецьвярозая.

Паводле сьведак, пажар у пяцідзясятым доме на праспэкце Пушкіна пачаўся а палове на дзявятую гадзіну раніцы. У кватэры Трафіменкаў былі дачка гаспадара і яшчэ трое гасьцей. Толькі маладая Трафіменка і ўратавалася. Яе пажарныя пасьпелі зьняць з гаўбца, і яна з апёкамі адвезеная ў шпіталь. Трое іншых загінулі – дзяўчына разьбілася, сарваўшыся з падваконьня, а двое маладых мужчынаў згарэлі ў вагні.

Што стала прычынаю трагедыі, цяпер высьвятляе сьледзтва. Суседзі кажуць, што чулі гук, падобны на выбух. А паколькі дом газафікаваны, то не выключаюць выбух газу.

Кацярына Жукавец, якая жыве ў тым пад'езьдзе, дзе адбыўся пажар, згадвае падзеі сёньняшняе раніцы:

(Жукавец: ) “Раніцай мы пачулі хлапок. Нібыта ў шкло ўдарылі. Мы выскачылі, а яна ўжо сядзела на вакне і крычала. Ніхто не крычаў “ратуйце”. Гэта быў крык жаху. Я не магу прыйсьці ў сябе”.

Міліцыянты на месцы здарэньня казалі мне пра зьвесткі, згодна зь якімі ўсю ноч да шасьці гадзінаў раніцы з кватэры Трафіменкаў была чутная музыка. «Звычайная рэч – усю ноч сьвяткавалі, напіліся, а потым нешта ня ўгледзелі», – быў перакананы палкоўнік міліцыі.

Мясцовы жыхар Алег зь некалькі дзён няголеным тварам з гэтае вэрсіяй з большага згодны: «Мы як раз выйшлі з крамы. Учора крыху выпілі, трэба было апахмяліцца, узялі пляшку. Было 20 хвілінаў а дзявятай. Выходзім – выбух і шкло паляцела», – распавёў Алег. Паводле ягоных словаў, дым паваліў адразу з усіх вокнаў, і адразу ў вокнах зьявіліся людзі – дзьве жанчыны й два хлопцы. Малодшая з жанчынаў залезла на падваконьне, мужчыны яе трымалі, але…

(Алег: ) “Гэтая дзяўчына (бедная, вунь яна там ляжыць) крычала-крычала. Відаць, агонь моцна прыпякаў і яна вырашыла ратавацца, скочыўшы з вакна. Я ёй крычу: «Не выскоквай», але яна сарвалася з падваконьня. Адзін з хлопцаў яе трымаў, колькі мог, а потым яна ўпала”.

Пасьля гэтага Алег з мужчынамі пабеглі ў пад’езд і выбілі нагамі дзьверы кватэры, але было позна – перад імі была сьцяна вагню. З кватэры выйсьці ніхто не пасьпеў.

Потым прыехалі пажарныя, выставілі адразу дзьве пажарныя лесьвіцы, але пашэнціла толькі адной жанчыне.

“Чалавека аднаго яшчэ можна было ўратаваць, ён бедны крычаў, крычаў, а потым зьнік, відаць, хацеў выбрацца празь дзьверы, але вярнуўся, увесь абгарэлы, і памёр побач з вакном”, – гэтак сьцьвярджае жыхар дома Алег.

Ці маглі пажарныя выратаваць больш людзей? Сьведка Ўладзімер Фядосавіч лічыць, што так – калі б хутчэй рухаліся. Уладзімер Фядосавіч, паводле ягоных словаў, быў у мінулым зьвязаны з пажарнай справаю і ацэньвае дзеяньні пажарных больш крытычна…

“Маглі ўратаваць. Не для публікі гэта, але маглі. Падалі лесьвіцу, а пасьля ўскараскаўся пажарнік. Каб падавалі яе, і ён там быў…А так, пакуль яму рукаў падалі… ”, – гэтак лічыць адзін са сьведак.

Аднак заступнік начальніка гарадзкога штабу пажарнае службы маёр Валер Міхно, які кіраваў дзеяньнямі пажарных, дае іншую ацэнку сваім падначаленым.

“Усё, што залежала ад нас, мы зрабілі. На месца пажару прыехалі хутка й па нашых дзеяньнях аніякіх пытаньняў няма”, – перакананы маёр. На ягоную думку, у падобных трагедыях адзін вінаваты – не агонь, а гарэлка й няўменьне людзей культурна адпачываць.

Паводле ягоных словаў, у выхадныя і сьвяточныя дні колькасьць падобных здарэньняў значна павялічваецца. За ўчорашні дзень, да прыкладу, было 14 выклікаў, хаця звычайная колькасьць у звычайны дзень – 6-7.

І ўсё ж маёр прызнаў, што пажарныя маглі б уратоўваць на пажарах больш людзей, але дзеля гэтага бракуе адмысловых прыстасаваньняў. Ёсьць да прыкладу, гэтак званы «куб жыцьця», гэта надзьмуты паветрам вялікі матрац, які выкарыстоўваецца для ўратаваньня ахвяраў. Але ў менскіх пажарных частках такіх «кубаў жыцьця» толькі два, іх берагуць на выпадак загараньня вялікіх аб’ектаў.

А вось чаму кватэры кожнага зь менчукоў не разглядаюцца у якасьці аб'екта, вартага выкарыстаньня «куба жыцьця», гэта ўжо пытаньне да уладаў.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG