Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


“Круглы стол” беларускіх уладаў і апазыцыі, які адбыўся сёньня пры актыўным удзеле дэлегацыі “тройкі” АБСЭ, быў адной з галоўных падзеяў, што ўваходзілі у праграму знаходжаньня ў Беларусі прадстаўнікоў гэтае міжнароднай арганізацыі. Апазыцыя і ўлада ўпершыню за апошні час сустрэліся сам-на-сам, а міжнародныя назіральнікі маглі ацаніць аргумэнты кожнага з бакоў.

Пасьля таго, як удзельнікі “круглага стала” пакінулі залю, дзе за зачыненымі дзьвярыма вяліся спрэчкі, яны не рабілі сакрэту з таго, што ва ўладаў і апазыцыі дыямэтральна процілеглыя погляды на галоўную праблему дыскусіі – пытаньне пра тое, ці йснуюць сёньня магчымасьці для правядзеньня заплянаваных на восень парлямэнцкіх выбараў у такім рэчышчы, каб іх прызналі свабоднымі й справядлівымі.

Анатоль Лябедзька, які першым агучыў адзіную ўзгодненую пазыцыю партыяў, што ўваходзяць у Кансультацыйную раду, лічыць, што такіх умоваў пакуль няма. Гэтую ж думку канкрэтнымі прыкладамі з ужо падпісанага Лукашэнкам Выбарчага кодэксу падмацаваў кіраўнік групы экспэртаў у пытаньнях заканадаўства пры Кансультацыйнай радзе Міхал Пліска…

(Пліска: ) “Я сканцэнтраваў сваю ўвагу на тым, што парушаны фундамэнтальны прынцып эўрапейскага выбарчага права – дзяржава пад час выбараў павінна займаць нэўтральную пазыцыю – і паспрабаваў давесьці на падставе артыкулаў Выбарчага кодэксу, што гэта ня так. У Выбарчым кодэксе перавага аддадзеная выканаўчай уладзе. Зьмест Выбарчага кодэксу дазваляе кантраляваць і правядзеньне выбараў, і падвядзеньне вынікаў”.

Гэта быў кіраўнік групы экспэртаў Міхал Пліска.

Апанэнты апазыцыі – у прыватнасьці, памочнік Лукашэнкі Сяргей Посахаў, сябра гэтак званае “Палаты прадстаўнікоў” Пятро Жушма, дырэктар Інстытуту заканадаўчых ініціятываў пры адміністрацыі прэзыдэнта Яўген Матусевіч – наадварот, сьцьвярджалі, што свабодныя і дэмакратычныя выбары правесьці можна. Іхныя доказы гэтага – тое, што апазыцыя пачала час ад часу зьяўляцца на дзяржаўнай тэлевізіі, што ў краіне вядзецца грамадзка-палітычны дыялёг…

Якой была рэакцыя на гэта “тройкі”? Вось якой яна падалася непасрэднаму ўдзельніку “круглага стала”, прадстаўніку Сацыял-дэмакратычнае партыі “Народная Грамада” Аляксею Каралю…

(Кароль: ) “Слушным на сёньняшні момант ёсьць тое, што прадстаўнікі АБСЭ прапанавалі сваю ўзгодненую пазыцыю. Самае галоўнае тое, што пад час сустрэчаў яны самую галоўную ўвагу надалі чатыром галінам, палажэньні якіх неабходна ўлічваць – адным словам, зьвязалі ў пакет Выбарчы кодэкс, доступ апазыцыйных партыяў да дзяржаўных СМІ, менавіта апазыцыйных партыяў, а не кандыдатаў, паўнамоцтвы парлямэнту і правы чалавека. Адзначана было, што ў гэтых пытаньнях існуе прорва паміж апазыцыяй і часткай грамадзянскай супольнасьці. Асабліва былі падкрэсьленыя тыя захады, які трэба было ўжыць дзеля доступу да СМІ і ў справе тых працэсаў, што зараз адбываюцца над Статкевічам, Шчукіным, і над Чыгіром”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Кароль, як Вы можаце прагназаваць далейшыя дзеяньні з боку АБСЭ ў дачыненьні да Беларусі?”

(Кароль: ) “У мяне асабіста ўражаньне склалося такое, што яны цьвёрда стаяць на гэтых пазыцыях, на гэтым пакеце з чатырох пунктаў”.

Гэта быў Аляксей Кароль.

Сёньня ж стала вядома, што Ігар Велічанскі – адказны з боку ўлады за правядзеньне гэтак званага “грамадзка-палітычнага дыялёгу” – звольнены з пасады загадчыка аддзелу адміністрацыі Лукашэнкі. Паводле словаў аднаго з паплечнікаў Велічанскага ў арганізацыі “дыялёгу”, гэта ўсё падкопы Посахава, зь якім Велічанскі быццам бы не знайшоў агульную мову.

Цяпер былы супрацоўнік адміністрацыі будзе працаваць загадчыкам сэктару ў Інстытуце заканадаўчых ініціыятываў.

Уладзімер Глод, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG