Беларускія хлопцы пад час вайсковае службы падвяргаюцца
дыскрымінацыі паводле моўнае прыкметы. На гэты аспэкт парушэньня правоў
чалавека зьвяртае ўвагу грамадзкасьці і ўладаў Таварыства Беларускае Мовы
ў адмыслова прынятай заяве ды лісьце да міністра абароны краіны Аляксандра
Чумакова.
Днямі ў Таварыства Беларускае Мовы прыйшлі два хлопцы, якія атрымалі
позвы на службу ў войска. Яны ня хочуць быць салдатамі ў войску, якое цалкам
ігнаруе мову краіны, якую мусіць абараняць.
Яны ня супраць выканаць, кажучы словамі афіцыйнае прапаганды, свой канстытуцыйны
абавязак, але служыць згодныя толькі ў такім войску, якое гаворыць са сваім
народам на адной мове. Таму што рытарычнае пытаньне: “каму служыш, прымаючы
прысягу на мове суседняе краіны?” – на практыцы, на жаль, мае зусім не
рытарычны адказ.
Супольныя з Расеяй вайсковыя дзеяньні Беларусі – найлепшы доказ падпарадкаванасьці
інтарэсаў беларусаў стратэгічным мэтам чужое для нашых хлопцаў краіны.
Атрымліваецца ў літаральным сэнсе паводле формулы: “на чыёй мове гаворыш
– таму й служыш”.
Усьведамленьне беларускаю моладзьдзю гэтае простае аксыёмы прыводзіць
да рэзкага павелічэньня тых, чые грамадзянскія перакананьні супярэчаць
практыцы, якая ўсталявалася пасьля 94-га году ў беларускім войску. Адсюль
і адмова ад службы ў ім.
Выбар перад такімі хлопцамі паўстае незайздросны: або два гады сьпяваць
на маршах “Россия – родина моя”, або столькі ж часу правесьці за кратамі
вязьніцы за непрыняцьце гэтага вайскова-сьпеўнага рэпэртуару.
У сувязі з такім антыпраўным станам рэчаў у войску Таварыства Беларускае
Мовы прыняло 4 траўня адмысловую заяву, у якой патрабуе ад ураду ўжо пад
час сёлетняе веснавое кампаніі прыняць канкрэтныя захады ў выпраўленьні
сытуацыі. У прыватнасьці, стварыць у кожнай вайсковай частцы беларускамоўныя
баталёны, для кіраваньня якімі падабраць афіцэраў, якія валодаюць беларускаю
моваю ў аб’ёме, неабходным для правядзеньня выхаваўчае працы й вайсковае
падрыхтоўкі.
Заўважым, што такія афіцэры ёсьць, яны прайшлі неабходную падрыхтоўку
ў часе спробы беларусізаваць войска адразу пасьля абвяшчэньня незалежнасьці
краіны, але веды іхныя аказаліся незапатрабаванымі з прыходам да ўлады
Лукашэнкі.
ТБМ патрабуе таксама забясьпечыць усе вайсковыя часткі тэкстам прысягі
па-беларуску й саму ўрачыстасьць з нагоды прыняцьця навабранцамі прысягі
на вернасьць Радзіме праводзіць на мове тытульнае нацыі краіны.
У лісьце да міністра абароны спадара Чумакова ТБМ прапануе супрацоўніцтва
ў справе рэалізацыі гэтых патрабаваньняў: “Мы маем добра распрацаваную
вайсковую тэрміналёгію, дапаможам зрабіць пераклад статутаў, параім добрых
выкладчыкаў для вядзеньня курсаў у вывучэньні беларускае мовы”, – абяцаюць
ТБМаўцы міністру ды выказваюць упэўненасьць, што беларусізацыя войска значна
падвысіць аўтарытэт міністэрства абароны.
Міністар, верагодна, ня супраць падвышэньня прэстыжу свайго ведамства,
але ж над ім ёсьць галоўнакамандуючы, перад якім той, як салдат-навабранец
перад сяржантам-“дэмбелем”.
Валянціна Аксак, Менск
Самае папулярнае
1