У Менску праводзілася рэпэтыцыя сьвяточнае дэманстрацыі, якая мусіць
адбыцца 9 траўня. У рэпэтыцыі бралі удзел больш за пяць тысячаў падлеткаў
і дзяцей зь менскіх школаў і вучэльняў, якіх прывезьлі ў цэнтар гораду
настаўнікі ды выкладчыкі.
Сёньня больш чым на дзьве гадзіны зьмяніўся звычайны парадак жыцьця
ў цэнтры беларускае сталіцы. Прычына – чарговая рэпэтыцыя сьвята Перамогі.
Гэтым разам па вызваленым ад транспарту праспэкце Скарыны маршавалі хлопцы
й дзяўчаты ў цывільным – навучэнцы менскіх школаў, сярэдніх ды вышэйшых
вучэльняў ды іхныя настаўнікі.
Усяго на рэпэтыцыю, паводле афіцыйных дадзеных, было прывезена больш
як пяць тысячаў чалавек. Дзеля гэтага ў іх адмянілі заняткі. Што, канешне
ж, ня вельмі засмучала будучых дэманстрантаў. Прыкладам, яны з задавальненем
раздавалі інтэрвію, у тым ліку й “Радыё Свабода”…
(Голас: ) “Горад Менск, сярэдняя школа”.
(Карэспандэнт: ) “Што вы тут робіце?”
(Голас: ) “Рыхтуемся да 9-га траўня”
Дакладна ў тры гадзіны дзяцей вывелі атрадамі на праспэкт і пагналі
гэтую калёну да пляцу Незалежнасьці, са зваротным ходам па вуліцы Маркса
і зноў па праспэкце да пляцу. Кожны атрад ішоў са сваім транспарантам,
бальшыня зь якіх была на тэму перамогі, але трапляліся й такія як “Моладзь
з маладым прэзыдэнтам”. Гэты, відаць, застаўся ад нейкага іншага сьвята.
Калі калёна прайшла уздоўж трыбуны, дзе 9 траўня будзе стаяць той, “з
кім” нашая моладзь, чалавек, што хаваўся на пляцы за кустамі, выпусьціў
зь клеткі галубоў . Белыя прыгожыя птушкі пранесьліся над пляцам як кулі
й зьніклі высока ў небе. Але чалавек перакананы, што галубы да 9-га прыляцяць
дадому і ён іх пад час параду, як і прадугледжана сцэнаром, зноў запусьціць.
За гэта яму паабяцаная прэмія, памер якой ён не назваў. Як і тое, колькі
каштуюць ягоныя галубы.
(Голас: ) “У нас у Беларусі дзешава. Але з машыны ён дорага каштуе”.
Рэпэтыцыя скончылася, і я скіраваўся на вуліцу Карла Маркса, па якой
толькі што праходзілі калёны школьнікаў. Жыхары дамоў з гэтае вуліцы былі
заблякаваныя ў сваіх дамох у мінулую пятніцу, калі праходзіла першая рэпэтыцыя
вайсковае часткі параду. Сёньняшняя рэпэтыцыя прынесла ім менш клопату,
таму, відаць, мае суразмоўцы зноў вярталіся да падзеяў мінулае пятніцы.
Судэнтка Сьвятлана, якая жыве у 21-м доме, згадвала:
(Голас: ) “Я хацела папасьці дадому. Была міліцыя, патрабавалі пашпарты,
карацей, даволі доўга давялося іх упрошваць. Увогуле нармальна, хай рэпэтуюць
дзе заўгодна, але мяне хай не чапаюць”.
А вось якую гісторыю распавёў прадпрымальнік Аляксандар, чый офіс месьціцца
ў тым жа 21-м доме на вуліцы Карла Маркса…
(Аляксандар: ) “У пятніцу мы гулялі ў футбол у Вясьнянцы на Машэрава.
Позна гэта ўсё скончылася, і вырашылі мы на стадыёне “Дынама” папіць піва.
Гэта па начным горадзе прыкладна 10 хвілін язды, з Машэрава на “Дынама”,
але нас спынілі перад праспэктам Скарыны, сказалі, што аж да Ўручча ўсё
перакрыта, і мы ехалі на стадыён “Дынама” праз Малінаўку. Натуральна, калі
прыехалі, нічога там ужо не было. Я стаўлюся адмоўна да гэтага, бо сьвята
павінна быць для людзей, а ня супраць”.
Гісторыі, падобныя да той, пра якую распавёў малады прадпрымальнік,
маглі здарыцца й сёньня, бо ў самыя пікавыя гадзіны цэнтар гораду быў перакрыты.
І зноўку людзям, каб патрапіць, напрыклад, зь Нямігі на “Дынама”, даводзілася
рабіць крукі даўжынёю ў дзясяткі кілямэтраў.
А заўтра ўвечары, паводле папярэджаньня гарадзкіх уладаў, будзе праведзеная
яшчэ адна рэпэтыцыя. Такім чынам, паважаныя жыхары гораду-героя, рыхтуйцеся
да новай аблогі.
Алег Грузьдзіловіч, Менск
Самае папулярнае
1