Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У Віцебску актыўна вяртаюць на свае месцы скрадзеныя помнікі. Больш чым праз паўтары гады вярнуўся на свой п’едэстал 315-кіляграмовы бетонны бюст палкаводца Суворава, які быў зьнесены легендарным Міронам і кінуты ў адным з зацішных куткоў. Спробы міліцыянтаў атаясаміць таямнічую асобу Мірона са старшынёй гарадзкой суполкі Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ Уладзімерам Плешчанкам у судзе скончыліся нічым. Аднак спадар Плешчанка, які, дарэчы, адседзеў у ізалятары больш за 200 дзён, прабачэньняў ад кіраўнікоў міліцыі і сьледчага не дачакаўся.

Усім зразумела, што бюст ката беларускага народа, які ня мае ніякай ані гістарычнай, ані эстэтычнай каштоўнасьці, — а гэта было пацьверджана на судзе экспэртам з аддзелу культуры аблвыканкаму — адноўлены і ўсталяваны мясцовымі ўладамі толькі па палітычных матывах. Бо трэба неяк выяўляць сваю прыхільнасьць да саюзу з Расеяй. Каб яго яшчэ раз не скралі, бюст перададзены на балянс і пад ахову райваенкамату, які знаходзіцца побач. І цяпер найбольш нявытрыманыя ўдзельнікі розных шэсьцяў, праходзячы каля бюсту Суворава па вуліцы яго ж імя, куды іх заўсёды накіроўваюць гарадзкія ўлады, маюць магчымасьць зноўку выказваць у бок расейскага герою ўсё, што пра яго думаюць.

Калі аднаўленьне бюсту Суворава — справа палітычная, то аднаўленьне іншага бюсту — мастаку Юдэлю Пэну — справа гонару віцяблян. Ужо пасьля таго, як было заяўлена пра ўскладаньне кветак пад час “Славянскага базара” да магілы настаўніка Марка Шагала на Стара-Сямёнаўскіх могілках, помнік быў раскурочаны.

Трэба аддаць належнае віцебскім міліцыянтам: яны хутка знайшлі злодзея — пятнаццацігадовага вучня адной са школаў. Той прывёў сьледчых да нелегальнага пакупніка каляровых мэталаў, якому прадаў бронзу за восем з паловай тысячаў рублёў. Ад таго патрапілі на расейскі сьлед. Зараз бюст мастака, вялікую шыльду зь яго прозьвішчам і гадамі жыцьця і гэткую ж вялікую бронзавую палітру вярнулі з Расеі. Але за краты, у адрозьненьне ад спадара Плешчанкі, ніхто не патрапіць, хоць гэты помнік якраз мае і мастацкую, і гістарычную каштоўнасьць. Бо адзін — непаўнагадовы, другі — просты пакупнік, а галоўныя дзеючыя асобы — наогул у саюзнай дзяржаве. Ды й гэта ж не палітычная акцыя, а звычайнае дзікунства!

Алег Жукоўскі, Віцебск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG