Летась ворагам прэсы быў названы ўкраінскі прэзыдэнт Леанід Кучма, а
ў пазамінулым – прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Ці зьмянілася
сытуацыя са свабодай слова ў Беларусі ў лепшы бок, калі Камітэт абароны
журналістаў гэтым разам не палічыў беларускага лідэра жорсткім праціўнікам
свабоднага слова? Мы зьвязаліся з Камітэтам абароны журналістаў. На сувязі
ў Ню-Ёрку – Эма Грэй, каардынатар Камітэту абароны журналістаў у Цэнтральнай
і Ўсходняй Эўропы і краінах былога СССР…
(Грэй: ) “Ацэнка Лукашэнкі ў гэтай сувязі застаецца жахлівай. Мы ўключылі
беларускага прэзыдэнта ў наш сьпіс ворагаў свабоднай прэсы 2 гады таму,
каб асьветліць выпадкі рэпрэсіяў супраць незалежнай прэсы, якія, дарэчы,
працягваюцца на Беларусі. У мінулым годзе мы яго выключылі са сьпісу, каб
вызваліць месца ўкраінскаму прэзыдэнту Кучме. А сёлета ні Кучма, ні Лукашэнка
не зьявіліся ў сьпісе, каб вызваліць месца казахскаму прэзыдэнту Нурсултану
Назарбаеву.
А прычына такая: штогод ёсьць вельмі шмат кандыдатаў у дзясятку найгоршых
ворагаў прэсы. Мы глядзім на тых лідэраў, якія, на наш погляд, асабліва
заслужылі вызначэньне парушальнікаў свабоды прэсы. Мы ня можам усіх штогод
узгадваць, і сёлета Лукашэнка не патрапіў у сьпіс. Але не таму, што, на
наш погляд, ягоная ацэнка паправілася. Яна застаецца такой самай дрэннай,
як і была заўсёды, і мы вельмі заклапочаныя сытуацыяй на Беларусі.
Мы не хацелі б, каб Лукашэнка падумаў, што ён ужо ня лічыцца ворагам
прэсы, таму што, безумоўна, ён ёсьць ім. У нас проста сёлета не было месца
на кожнага парушальніка. Калі прысуджалі б пажыцьцёвае званьне “парушальніка
свабоды прэсы”, дык безумоўна Лукашэнка быў бы адзін з ляўрэатаў”.
Зь Ню-Ёрку гаварыла Эма Грэй – каардынатар Камітэту абароны журналістаў
для Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы і краінаў былога СССР.
І на заканчэньне нашая даведка, зробленая на падставе Мэмарандуму аб
крытычнай сытуацыі зь незалежнымі сродкамі масавай інфармацыі ў Беларусі,
зробленым БАЖ:
“Кошт паліграфічных паслугаў значна адрозьніваецца для дзяржаўных і
недзяржаўных выданьняў. Апошнія плацяць болей. Са студзеня 2000 году паслугі
на дастаўку незалежных выданьняў да падпісчыкаў падаражэлі прыкладна на
500 працэнтаў. Незалежныя газэты змушаныя плаціць у тры разы болей за экспэдыцыю.
Субсыдыі дзяржаўным СМІ Беларусі складаюць да 1-го мільёну даляраў ЗША
штогод. На недзяржаўныя пасьля шматлікіх фінансавых праверак рэгулярна
накладаюцца штрафы. У апошнія гады дзейнічае пастанова Савету Міністраў,
якая ўводзіць кантроль за ўвозам і вывазам друкаванай, аўдыё- і відэапрадукцыі,
якая можа нанесьці шкоду нацыянальнай бясьпецы Беларусі. У справаздачы
місіі АБСЭ ў Беларусі за 1999 года гаворыцца: “Нацыянальная дзяржаўная
тэле- і радыёкампанія зьяўляецца амаль манапалістам у асьвятленьні ўнутраных
працэсаў і распаўсюджвае толькі пункт гледжаньня прэзыдэнта”.
Гэта былі вытрымкі зь Мэмарандуму аб крытычнай сытуацыі з незалежнымі
сродкамі масавай інфармацыі ў Беларусі, зробленым Беларускай Асацыяцыяй
журналістаў.
Вольга Караткевіч
Самае папулярнае
1