Камітэт абароны журналістаў абвесьціў сьпіс дзесяці найгоршых ворагаў
прэсы. Лідэрамі ў сьпісе – прэзыдэнт Сь’ера-Ліонэ Фодэй Сэнкоў, вышэйшы
лідэр Ірану Аятола Хамэнэі, югаслаўскі лідэр Слабадан Мілошавіч...
Гэтыя палітыкі, паводле Камітэту абароны журналістаў, нясуць пэрсанальную
адказнасьць за свае дзеяньні супраць журналістаў і за тыя ўмовы, якія яны
ў сваіх краінах стварылі для незалежных сродкаў масавай інфармацыі.
“Ворагі прэсы ўжываюць розныя мэтады – ад адкрытых катаваньняў і зьнішчэньняў
да больш вытанчаных сродкаў дзеля таго, каб хаваць няўгодную праўду”, –
заявіла выканаўчы дырэктар Камітэту абароны журналістаў Эн Купэр.
У сьпісе дзесяці найгоршых ворагаў прэсы фігуруе прэзыдэнт Казахстану
Нурсултан Назарбаеў. Ён яшчэ ў 1991 годзе паабяцаў свабоду прэсы, а пад
час прэзыдэнцкай кампаніі 1999 году ўладныя структуры Казахстану ўзбуджалі
крымінальныя справы супраць незалежных газэтаў.
Прэзыдэнт Кубы Фідэль Кастра шосты раз занесены ў сьпіс ворагаў прэсы.
Камітэт абароны журналістаў адзначае, што ўрад Кастра працягвае атакаваць
незалежную журналістыку. Журналістаў арыштоўваюць і дапытваюць. На Кубе
праслухоўваюцца і перарываюцца тэлефонныя размовы супрацоўнікаў сродкаў
масавай інфармацыі. Абмежаваная свабода іх перамяшчэньня.
Трэці раз у сьпісе – лідэр Тунісу Бэн Алі. Цягам 12-гадовага аўтарытарнага
праўленьня Бэн Алі паставіў туніскую прэсу на калені. У краіне закрываюцца
газэты, судзяць журналістаў, выкарыстоўваецца эканамічны ціск. Тыя некалькі
журналістаў, якія зрабілі выклік аўтарытарызму, – страцілі працу.
Ворагам прэсы ў чацьверты раз названы прэзыдэнт Кітаю Цьзянь Цзэмінь.
Ад пачатку году 18 журналістаў былі пасаджаныя ў турму. Шасьцёра зь іх
былі асуджаныя за карыстаньне Інтэрнэтам.
У сьпісе Дзесяці найгоршых ворагаў прэсы – прэзыдэнт Малайзіі Махацір
Махамэд, прэзыдэнт Пэру Альбэрта Фуджыморы і кіраўнік Анголы Эдуарда дэ
Сантэс.
Вольга Караткевіч
Самае папулярнае
1