Вось ужо каторы год у Полацку і Наваполацку не сунімаецца так званая
“каляровая ліхаманка” – крадзеж мэталаў з прамысловых і будаўнічых прадпрыемстваў.
Апошнім часам яна набыла новую адметнасьць – крадуць сёньня ня толькі з
прадпрыемстваў, і ня толькі медзь ды мосянж, як гэта было раней, але й
алюміні ды нержавейку.
У Наваполацку асабліва церпяць ад ліхаманкі трубаправоды, што злучаюць
буйныя прадпрыемствы гораду – на іх зразаюць лісты алюмініевай абшыўкі.
Зразаецца і дрот на лініях электраперадачаў. Так, нядаўна засталасся без
правадоў лінія, што сілкуе мясцовы Завод бялкова-вітамінных канцэнтратаў.
Ну а з самога завода, які, фактычна не працуе, ня так даўно работнікі спрабавалі
вывезьці 2,5 тоны нержавейкі, але былі затрыманыя.
Лютуюць ліхаманцы і ў суседніх рэгіёнах. У Мёрскім раёне яны зьнялі
дрот на лініі, якая сілкуе калгас імя Цітова, пакінуўшы без электрычнасьці
чатыры вёскі і калгасны млын. Зрэзаны быў дрот і на лініі ад падстанцыі
Цімашкова да вёскі Туркова. Той жа лёс напаткаў і ЛЭП, што сілкуе вёску
Гір’яны. У Дрысенскім раёне злодзеі зрэзалі 1 кілямэтар дроту на лініі
каля вёскі Букі, а таксама зьдзерлі 60 алюмініевых лістоў з даху стадыёна
ў самім райцэнтры.
Людзі гінуць за мэтал, прычым, у літаральным сэнсе гэтага слова. Скажам,
на Асьвейскім торфа-брыкетным заводзе адзін работнік разьбіраў электрарухавік,
каб скрасьці мядзяны ротар, ды быў забіты электратокам.
Ну і, нарэшце, згадаем яшчэ пра адну ганебную зьяву, наўпрост зьвязаную
з каляровай ліхаманкай – рабаваньне і зьнішчэньне надмагільных помнікаў.
Днямі лідэр Савабоднага прафсаюзу Полацкага заводу “Праммашрамонт” Алег
Бязношчанка прыйшоў на магілы сваіх родных і зьніякавеў – тры зробленыя
зь нержавейкі магільныя помнікі былі скрадзеныя, а надмагільлі ўшчэнт разьбітыя.
Калегі спадара Бязношчанкі ўбачылі тут палітычны падтэкст, але сам ён лічыць гэта справай рук усё тых жа ліхаманцаў. Падобныя зьявы гавораць самі за сябе і робяць непатрэбнымі нейкія рэзюмэ і камэнтары. Вінцэсь Мудроў, Наваполацак
Калегі спадара Бязношчанкі ўбачылі тут палітычны падтэкст, але сам ён лічыць гэта справай рук усё тых жа ліхаманцаў. Падобныя зьявы гавораць самі за сябе і робяць непатрэбнымі нейкія рэзюмэ і камэнтары. Вінцэсь Мудроў, Наваполацак