Сёлета ў красавіку прэзыдэнцкі рэйтынг Лукашэнкі быў самым нізкім за
апошнія два з паловай гады. Сярод беларусаў значна ўзрасла папулярнасьць
новага расейскага лідэра Пуціна і, адпаведна, стала больш прыхільнікаў
беларуска-расейскага аб’яднаньня. Больш за палову апытаных ўжо зараз выказваюць
намер браць ўдзел ў парлямэнцкіх выбарах, заплянаваных на восень. Акцыі
беларускае “Гарачае вясны – 2000” выклікалі ў апытаных больш прыхільнае
стаўленне, чым леташні “Марш Свабоды- 1”. Такія вынікі былі атрыманыя пад
час агульнанацыянальнага сацыялягічнага апытаньня, праведзенага ў
красавіку 2000 года Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных
дасьледаваньняў.
Паводле вынікаў апытаньня, рэйтынг Лукашэнкі зьнізіўся да рэкордна нізкай
для яго адзнакі – толькі 38,4 % апытаных заявілі, што гатовыя галасаваць
за яго, як за кіраўніка дзяржавы, калі б прэзыдэнцкія выбары адбыліся сеньня.
З лістападу 1997 года гэты рэйтынг Лукашэнкі не апускаўся ніжэй за 43%
. У параўнанні, напрыклад, з леташнім лістападам, зараз ён зьнізіўся на
5%. Але нават і пры гэтым зьніжэньні папулярнасьці Лукашэнка тым ня менш
значна апярэджвае ўсіх сваіх супернікаў: ў красавіку толькі 3% апытаных
заявілі, што на прэзыдэнцкіх выбарах аддалі б галасы Чыгіру, 2,5% – Шушкевічу,
каля 2% – Пазьняку.
Куды большыя шанцы апазыцыйныя сілы маюць на парлямэнцкіх выбарах. За
9 апазыцыйных партыяў гатовыя аддаць свае галасы ў суме 27 % апытаных.
Пры гэтым больш за палову апытаных ўжо зараз выказалі намер браць ўдзел
ў восеньскіх парлямэнцкіх выбарах, толькі кожны дзесяты заявіў, што на
выбары ня пойдзе, і 15% адказалі, што прымуць рашэнне аб ўдзеле ці няўдзеле
ў выбарах ў залежнасьці ад палітычнае сытуацыі. Такім чынам падаецца, што
шанцы на посьпех кампаніі байкоту выбараў ня надта вялікія, а вось пры
ўдзеле ў іх апазыцыя можа атрымаць істотнае прадстаўніцтва ў заканадаўчым
воргане.
Аб тым, што сымпатыі да апазыцыі ўзрастаюць, сьведчаць і дадзеныя пра
стаўленьне да масавых акцыяў. Леташні “Марш Свабоды-1” выклікаў нэгатыўнае
стаўленьне ў 56% апытаных, толькі 17% паставіліся да яго станоўча. А вось
акцыі “Гарачае вясны-2000”, ў прыватнасьці, “Марш Свабоды-2” і “Дзень волі”,
выклікалі пазытыўнае стаўленьне амаль ў кожнага пятага апытанага, а нэгатыўнае
– ў прыкладна 30% апытаных. Памяншэньне колькасьці тых, каму акцыі апазыцыі
не даспадобы, навідавоку.
Рост прыхільнасьці да апазыцыі, магчыма, стаў адным з чыньнікаў адноснага
падзеньня рэйтынгу Лукашэнкі. Але можна меркаваць пра іншую, больш сур’езную
прычыну гэтага падзеньня: значная частка беларусаў знайшла сабе новага
куміра. У адказах на пытаньне, каго з ўсясьветных палітыкаў вышэйшага рангу
апытаныя лічаць сваім ідэалам, Лукашэнка ўпершыню за два з паловай гады
апынуўся на другім месцы, атрымаўшы 37%. Трэцяе месца, 24%, – заняў прэзыдэнт
ЗША Біл Клінтан, і 55% апытаных адзначылі, што бачаць свой ідэал ва Ўладзімеры
Пуціне.
У адказах на пытаньне пра галасваньне на гіпатэтычных выбарах прэзыдэнта
беларуска-расейскага саюзу Лукашэнка таксама саступіў Пуціну: за кіраўніка
Расеі гатовыя прагаласаваць 31%, за Лукашэнку – толькі 22%.
Хутчэй за ўсё менавіта прыхільнасьцю да Пуціна тлумачыцца і прыліў інтэграцыйных
настрояў: пад час красавіцкага апытаньня 56% рэспандэнтаў выказаліся за
аб’яднаньне Беларусі і Расеі ў адзіную дзяржаву, і толькі 28% - супраць.
У леташнім лістападзе долі прыхільнікаў і праціўнікаў аб’яднаньня складалі
адпаведна 47% і 34%.
Рост рэйтынгу Пуціна і ўзрастаньне інтэграцыйных настрояў ня толькі павялічваюць пагрозу беларускай незалежнасьці, але і ствараюць пэўныя праблемы для Аляксандра Лукашэнкі. Юры Дракахруст, Прага
Рост рэйтынгу Пуціна і ўзрастаньне інтэграцыйных настрояў ня толькі павялічваюць пагрозу беларускай незалежнасьці, але і ствараюць пэўныя праблемы для Аляксандра Лукашэнкі. Юры Дракахруст, Прага