Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Вышэйшы камісар ААН у справе правоў чалавека Мэры Робінсан сёньня прыбывае ў Маскву. Яе візыт можа прынесьці далейшыя абвінавачаньні Расеі з нагоды вайны ў Чачні. Робінсан павінна наведаць Чачню ў той момант, калі расьце колькасьць сьведчаньняў пра парушэньні расейскай арміяй правоў чалавека.

Палкоўнік расейскай арміі быў арыштаваны за злачынства ў Чачні якраз напярэдадні гэтага візыту. Як устаноўлена сьледзтвам, 27 сакавіка камандзёр 160-га танкавага палка Юры Буданаў у вёсцы Тангі пад пагрозай зброі забраў з дому Буцыевых іх 18 гадовую дачку, згвалціў яе, пасьля чаго задушыў і загадаў падначаленым закапаць труп у лесе.

Ваенная пракуратура Расеі, якая арыштавала палкоўніка Буданава, сьцьвярджае, што гэта першы факт згвалтаваньня ў Чачні, хаця міжнародныя праваабарончыя арганізацыі заяўляюць пра шматлікія зафіксаваныя факты. Нагадаю, што Міжнародны трыбунал у Гаазе згвалтаваньні пад час вайсковых дзеяньняў разглядае як вайсковыя злачынствы.

Расейскае камандаваньне таксама мусіла прызнаць, што, нягледзячы на сумны вопыт гібелі роты пскоўскіх дэсантнікаў, яшчэ дзьве расейскія калёны патрапілі у чачэнскую засаду. Прызнаецца, што 4 салдаты забітыя, 30 – параненыя, лёс яшчэ каля трох дзясяткаў высвятляецца.

Спачатку Расея не давала згоды на візыт Мэры Робінсан. Выступаючы на мінулым тыдні ў Жэнэве, Робінсан гаварыла пра пакуты, якія церпяць мірныя грамадзяне ў Чачні і настойвала, што для вінаватых у гэтым ня можа быць ні адрозьненьняў, ні схову, ні беспакаранасьці.

Аналітык правабарончай арганізацыі Freedom House Арх Пудзінгтан тым ня менш лічыць, што Расея можа спадзявацца на аб’ектыўны падыход з боку Робінсан:

(Пудзінгтан: ) “Гэта жанчына, якая паедзе і ўзважыць факты, сытуацыю на аснове ўбачанага на месцы. Я ня думаю, што яна з тых, хто проста паставіць Расею да сьценкі і праігнаруе злачынствы, зьдзейсьненыя чачэнцамі”,

- сказаў амэрыканскі аналітык Арх Пудзінгтан. Ён таксама адзначыў, што крытычны голас Мэры Робінсан таксама гучаў і пад час югаслаўскай кампаніі НАТА , і пад час сэрбскіх этнічных чыстак у Косаве, і што яна, такім чынам, ёсьць незалежным голасам у справе правоў чалавека.

Аўтарытэтныя правабарончыя арганізацыі Amnesty International і Human Rights Watch у сваіх апошніх заявах абвінавацілі расейскіх вайскоўцаў за факты гвалту і катаваньняў у Чачні, а таксама адзначылі ўтойваньне інфармацыі адтуль. Дэлегацыя рады Эўропы пасьля свайго візыту ў раён канфлікту прызнала, што абодва бакі – як расейскі, так і чачэнскі – вінаватыя ў сур’ёзных парушэньнях правоў чалавека.

Рада Эўропы павінна на наступным тыдні прыняць рашэньне: ці можа быць у сувязі з гэтым захаванае сяброўства Расеі ў арганізацыі.

Расейскія прадстаўнікі, адказваючы на міжнародную крытыку, пастаянна падкрэсьліваюць, што чачэнскую апэрацыю справакавалі самі чачэнцы. Так, у сераду, сустракаючыся з прадстаўнікамі камісіі ў справе правоў чалавека, Сяргей Аржанікідзэ, намесьнік расейскага міністра замежных справаў сказаў, наступнае:

(Аржанікідзэ: ) “Ні адна дзяржава ня стала б мірыцца з такім падрывам асноваў свайго існаваньня. Таму было прынятае адзіна правільнае рашэньне – ліквідаваць цэнтар міжнароднага тэрарызму сілай”.

Такую пазыцыю напярэдадні візыту Мэры Робінсан яшчэ раз агучыў прадстаўнік расейскага міністэрства замежных справаў.

Сам факт, што Расея дазволіла візыт Робінсан у раён канфлікту, расцэньваецца, як вяртаньне Расеі да дыялёгу. Акрамя таго, паводле заявы Ястржэмбскага, дазволены і доступ у Чачню дэлегацыі Міжнароднага Чырвонага Крыжа. Арганізацыя Чырвонага Крыжа спыніла свае візыты ў Чачню ў 1996-м годзе, калі былі забітыя шэсьць яе міжнародных экспэртаў.

Алена Ціхановіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG