Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


“Нашая краіна хворая, і перш за ўсё хворае яе кіраўніцтва,” – гэтак заявіў былы прэм’ер Беларусі Міхаіл Чыгір на прэсавай канфэрэнцыі з нагоды гадавіны ягонага арышту і пачатку судовага перасьледу. Чыгір перакананы, што абвінавачаньні супраць яго не пацьвяржаюцца ў судзе і спадзяецца на апраўдальны прысуд.

Сёньня Міхаіл Чыгір сабраў журналістаў з важкай прычыны. Дакладна год таму, 31-га сакавіка 1999-га, ён, тады кандыдат у прэзыдэнты Беларусі, быў затрыманы супрацоўнікамі спэцпадразьдзяленьня “Алмаз” і дастаўлены ў сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага. Пачалася ягоная судовая эпапея, асноўнымі прыкметамі якой зьяўляюцца беспрэцэдэнтныя дасудовыя заявы кіраўніка дзяржавы пра вінаватасьць Чыгіра, васьмімесячнае ўтрыманьне ў сьледчым ізалятары па абвінавачаньнях, якія не прадугледжваюць нават падпіскі аб нявыезьде, і справа з 20 тамоў, якая, паводле Міхаіла Чыгіра і ягоных адвакатаў, цяпер у судзе рассыпаецца, бо была складзеная з эпізодаў, што ня маюць, як кажуць юрысты, судовай пэрспэктывы.

Адвакат Аляксандр Пыльчанка, у прыватнасьці, лічыць, што усе інкрымінаваныя Чыгіру злачынствы альбо ня мелі месца, альбо ня маюць да Чыгіра ніякага дачыненьня. Адвакат узгадаў эпізоды справы, якія тычацца крэдытаваньня розных фірмаў і сьцьвярджае, што гэтыя дзеяньні, якія кваліфікуюцца як службовыя, ня маюць галоўнага – зацікаўленасьці Чыгіра у атрыманьні грошай альбо каштоўнасьцяў, а таму іх немагчыма разглядаць як злачынствы, як гэта робіць следства.

“Калі дзейнічаць паводле такой схемы, то давядзецца саджаць на Валадарку ўсіх банкіраў, якія выдавалі і выдаюць крэдыты, без чаго немагчымая банкаўская дзейнасьць,” – гэтак пракаментаваў абвінавачаньні Чыгіра ягоны грамадзкі абаронца Гары Паганяйла. Ён лічыць Міхаіла Чыгіра абсалютна невінаватым, а ягоны перасьлед тлумачыць палітычнымі матывамі ўлады.

Да высноваў Гары Паганяйлы далучыўся і грамадскі абаронца Барыс Гюнтар, які прааналізаваў дзейнасьць сьледчых па зборы доказаў. Гюнтар перакананы, што на многіх сьведкаў сьледчыя аказвалі ціск самымі рознымі захадамі, у тым ліку, пагрозай ўзбудзіць крымінальныя справы.

“Сьледчыя мэтанакіравана працавалі супраць Міхаіла Чыгіра, падбіраючы тое, што можа быць выкарыстана супраць яго, і не звяртаючы ўвагі на апраўдальныя моманты,” – заявіў абаронца Барыс Гэнтар.

Справа Міхаіла Чыгіра разглядаецца у гарадзкім судзе ўжо тры месяцы. За гэты час апытана 36 з 47 сьведкаў, і, як мяркуе Міхаіл Чыгір, ніхто зь іх ня даў паказаньняў, якія б пацьвяржалі ягоную віну.

Падсумоўваючы год пасьля арышту, ён сказаў Радыё Свабода наступнае:

(Чыгір: ) “Такога не павінна быць у нармальнай дзяржаве. Гэта яшчэ раз гаворыць аб тым, што ў нас дзяржава хворая, і хворае, у першую чаргу, кіраўніцтва дзяржавы. Спадзяюся, што прысуд будзе толькі апраўдаўчы. Калі будзе іншы прысуд, я буду змагацца за тое, каб ён быў адменены”.

Гэта быў Міхаіл Чыгір, які правядзеньнем прэсавай канфэрэнцыі сёньня адзначыў год затрыманьня і пачатку судовага перасьледу.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG