Урад Злучаных Штатаў цяпер вырашае, ці скасоўваць рэжым найбольшага
спрыяньня для Беларусі. У беларускім МЗС лічаць, што такія санкцыі не адаб’юцца
сур’ёзна на беларускай эканоміцы. Іншага меркаваньня прытрымліваецца былы
кіраўнік Нацыянальнага Банку краіны Станіслаў Багданкевіч.
(Багданкевіч: ) “Па-першае, Злучаныя Штаты – гэта самы вялікі ў сьвеце
рынак тавараў, рынак капіталаў. Гэта рынак, які складае трыльёны даляраў.
Для параўнаньня: расейскі рынак складае толькі 150 мільярдаў. Амэрыканскі
– у 20 разоў большы.
Патэнцыйна скасаваньне рэжыму прэфэрэнцыяў вельмі дрэннае для нашай
эканомікі. Акрамя таго, вядома, што найбольш новыя тэхналёгіі, самая сучасная
тэхніка, найбольш высокая вытворчасьць – у Злучаных Штатах.
Таму ўзмацненьне ізаляцыі ад тэхналягічнага цэнтру таксама вельмі дрэнна
для нашай краіны. І нават сёньня, калі ў нас ня вельмі вялікі гандлёвы
абарот са Злучанымі Штатамі, страта гэтага рынку адмоўна адаб’ецца і на
эканоміцы, і на дабрабыце людзей”.
(Карэспандэнт: ) “Дарэчы, афіцыйныя прадстаўнікі лічаць, што Беларусь
нічога ня страціць, паколькі гандаль са Злучанымі Штатамі невялікі…”
(Багданкевіч: ) “Я пагадзіўся б з гэтым, але ж Лукашэнка езьдзіў у Аб’яднаныя
Арабскія Эміраты нават з-за 2 мільёнаў даляраў, і спрабаваў наладзіць кантакты.
А за сотні мільёнаў даляраў гандлёвага абароту з ЗША было б дарэчы змагацца,
каб захаваць гэты патэнцыйна вялікі рынак. Напрамак эканамічных адносінаў
не такі, які нам патрэбны. Няма ў Эміратаў ані патрэбных нам тэхналёгіяў,
ані іншых інтарэсаў Беларусі. Трэба арыентавацца на цывілізаваны сьвет,
на Эўропу і Злучаныя Штаты. Пры гэтым не забываць і пра іншыя вектары нашай
эканамічнай палітыкі”.
(Карэспандэнт: ) “Як Вы лічыце, ці магчымыя аналягічныя санкцыі з боку
Эўрапейскага Зьвязу?”
(Багданкевіч: ) “Думаю, безумоўна, так. Таму што Эўропа, можа ў некалькі
меншай ступені чым ЗША, але надае важнае значэньне захаваньню правоў і
свабодаў чалавека, грамадзяніна”.
(Карэспандэнт: ) “На Ваш погляд, ці дапаможа ў такой сытуацыі беларускім
уладам Расея?”
(Багданкевіч: ) “Што тычыцца захаваньня рынкаў у Расеі, без найноўшых
заходніх тэналёгіяў мы ня здолеем захаваць рынак у Расеі. Тым больш, што
сама Расея прывязвае сваю эканоміку да заходніх стандартаў”.
Гутарыла
Ганна Навумовіч, Менск
Самае папулярнае
1