Амбасадар ЗША у Беларусі Дэніэл Спэкгард заявіў “Радыё Свабода”,
што лічыць дзеяньні беларускіх ўладаў 25 красавіка дэманстрацыяй непавагі
да забавязаньняў, якія ўзяла на сябе Беларусь.
“Даведаўшыся пра падзеі 25 сакавіка, я быў шакаваны тым несправакаваным
выкарыстаньнем сілы супраць мірных дэманстрантаў і нават супраць журналістаў,
на якое пайшлі беларускія ўлады”, – гэтак заявіў сёньня амбасадар ЗША ў
Беларусі Дэніэл Спэкгард пад час сустрэчы з журналістамі, якія былі затрыманыя
міліцыяй на Дзень Волі. Спадар Спэкгард лічыць дзеяньні беларускіх уладаў
праяваю “неверагоднай непавагі да тых нормаў і забавязаньняў, якія Беларусь
ўзяла на сябе перад сусьветнай супольнасьцю”.
Амэрыканскі амбасадар таксама зьвярнуў увагу на тое, што беларускія
ўлады працягваюць перасьлед людзей, затрыманых пад час падзеяў 25 сакавіка,
спасылаючыся на неабходнасьць прагляду відэаматэрыялаў. “Я надзвычай заклапочаны
працягам судовага перасьледу невінаватых людзей за тое, што яны толькі
зьбіраліся выказаць свае думкі”, – заявіў амэрыканскі амбасадар. Ён лічыць,
што беларускім уладам трэба неадкладна правесьці “сапраўднае расьледваньне
падзеяў і назваць адказных за жорсткае спыненьне мірнага шэсьця”.
На просьбу “Радыё Свабода” Дэніэл Спэкгард ацаніў магчымы уплыў падзеяў
25 сакавіка на стан беларуска-амэрыканскіх стасункаў і на вынік абвешчанага
ўладамі “грамадзка-палітычнага дыялёгу”:
“Я лічу, што гэтыя падзеі могут прывесьці да вельмі значных стратаў
у стасунках Беларусі ня толькі са Злучанымі Штатамі, але й з ўсёй супольнасьцю
дэмакратычных краінаў”, – сказаў амбасадар.
Ён выказаў вялікае шкадаваньне з нагоды таго, што ня бачна зацікаўленасьці
беларускіх уладаў у паляпшэньні гэтых стасункаў. “Падзеі 25-га прадэманстравалі
адсутнасьць гэтакай зацікаўленасьці з боку уладаў Беларусі”, – лічыць спадар
Спэкгард.
Адносна распачатага “дыялёгу” амбасадар заўважыў, што разгон і арышты
мірных людзей зьяўляюцца вельмі дрэнным знакам для любога дыялёгу, таму
што “падобныя падзеі ствараюць атмасфэру страху”. Дэніэл Спэкгард выказаў
думку, што такія дзеяньні не ў інтарэсах уладаў, паколькі яны вядуць толькі
да запалохваньня арганізацыяў, якія ўдзельнічаюць у “дыялёгу” – тыя могуць
спыніць свой удзел у размове, калі крытыка мае наступствам арышты ці іншыя
рэпрэсіі.
“Ва ўсім дэмакратычным сьвеце дэманстрацыі таксама лічацца формаю дыялёгу
ў грамадзтве, таму што ўдзельнікі гэтых шэсьцяў атрымоўваюць магчымасьць
выказаць свае погляды”, – заўважыў спадар амбасадар. Таму ён лічыць падыход
беларускіх уладаў “вельмі нягнуткім”, бо ў выніку удзельнікам “дыялёгу”
ставяцца пэўныя абмежаваньні.
Напрыканцы размовы я спытаў у спадара Спэкгарда, ці атрыманае пацьверджаньне
наконт прыпыненьня для Беларусі статусу краіны, якая мае прэфэрэнцыі ў
гандлі з ЗША, пра што папярэджваў Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША ў заяве пасьля
25 сакавіка. Амбасадар адказаў, што ня мае зьвестак пра канчатковае рашэньне
адносна агульнае сыстэмы гандлёвых перавагаў.
“Гэтае пытаньне яшчэ раней стаяла у парадку дня з прычыны парушэньняў
у Беларусі правоў працоўных, а падзеі 25 сакавіка таксама могуць аказаць
сур’ёзны ўплыў на канчатковае рашэньне – ці пазбаўляць Беларусь перавагаў
у гандлі з ЗША”, – паведаміў Дэніэл Спэкгард.
Алег Грузьдзіловіч, Менск
Самае папулярнае
1