Учора ў Празе на Дзіцячым востраве было пасаджанае Дрэва дэмакратыі
для Беларусі. У цырымоніі ўзялі ўдзел прэзыдэнт Рады БНР Івонка Сурвілла,
народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў, чэскі сэнатар Ян Румл.
У праграму візыту ў Прагу прэзыдэнта Рады БНР Івонкі Сурвіллы пасаджаньне
Дрэва дэмакратыі ўключылі маладыя чэскія кансэрватары, якія арганізавалі
шэраг акцыяў салідарнасьці з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.
Учора на запрашэньне чэскага боку распачаўся візыт каля 40 прадстаўнікоў
моладзевых арганізацыяў Беларусі “Малады Фронт” і “Грамадзянскі Форум”.
На Дзіцячым востраве ў Празе надвячоркам сабраліся беларускія і чэскія
аднадумцы.
Выступаючы з прамовай, старшыня Маладых кансэрватараў Чэхіі Давід Рыц
заявіў, што справа гонару кожнай эўрапейскай дэмакратычнай краіны спрыяць
усталяваньню дэмакратыі на кантынэнце, як і справа гонару кожнага цывілізаванага
чалавека ня быць абыякавым, калі ігнаруюцца асноўныя правы чалавека. Таму
чэскія дэмакраты робяць усё, каб тут, у Чэхіі, і ва ўсім сьвеце ведалі,
што ў Беларусі ёсьць рэальныя сілы, здатныя вярнуць краіну ў цывілізаваную
Эўропу. Дрэва для дэмакратыі Беларусі ў Чэхіі павінна сымбалізаваць сумесныя
крокі ў кірункі дэмакратычнай Беларусі.
Вось уражаньні Івонкі Сурвіллы:
(Сурвілла: ) “Я ўважаю, што гэта надзвычай прыгожы жэст і, на маю думку,
гэта ня толькі Дрэва дэмакратыі, але і Дрэва надзеі для Беларусі. Перад
тым, як трэба было насыпаць зямлю, я дзякавала за такое прыгожае выказваньне
падтрымкі беларускаму народу. Ну і, безумоўна, прыпомніла аб тым, што наш
вялікі Скарына ў 1540 годзе ўжо садзіў дрэвы ў Празе. Ён тады быў каралеўскім
батанікам і стварыў адзін з прыгажэйшых паркаў Прагі. Так што я прыпомніла
нашым чэскім прыяцелям аб гэтым, і таксама сказала, што я вельмі ганаруся
рабіць тое, што рабіў наш вялікі гуманіст пяць стагодзьдзяў таму”.
Гаварыла прэзыдэнт Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвілла.
Беларусаў – прадстаўнікоў “Маладога Фронту” і “Грамадзянскага Форуму”
надзвычай зацікавіла магчымасьць пагаварыць з Сурвіллай і Быкавым.
Я стала сьведкай гутаркі, калі малады чалавек выказваў захапленьні творамі
Васіля Быкава… Крыху сумна Васіль Быкаў сказаў: “Кнігі – гэта не тавар
цяпер”, на што моладзь перабіваючы адно аднаго казала: Васіль Уладзімеравіч,
Вашыя кнігі і Вашыя наказы – гэта неад’емная частка станаўленьня новай
Беларусі.
Як Васілю Быкаву ўяўляюцца такія сустрэчы ў замежжы?
(Быкаў: ) “Сумныя я адчуваю пачуцьці. Усё-такі трэба кантактаваць дома
больш, а не ў замежжы. Гэта гора і бяда вымушае людзей як эміграваць, так
і знаходзіць нейкія спосабы зносін. Гэта канешне хораша, але ня толькі
недастаткова, а, нейкім чынам, ненатуральна”.
Гэты быў народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў.
У плянах чэхаў – палітычны сэмінар для беларускіх маладых кансэрватараў.
Васіль Быкаў і Івонка Сурвілла маюць вячэру з чэскімі сэнатарамі. Дарэчы
адзін зь іх, Ян Румл, які браў удзел у пасаджаньні Дрэва дэмакратыі для
Беларусі, зьбіраецца ў Менск на Чарнобыльскі шлях, а падзеі ў Беларусі
назваў настолькі крытычнымі, што варта ўводзіць санкцыі супраць такога
рэжыму.
Дрэвам дэмакратыі для Беларусі стала ліпа. У Беларусі расьце адзін від
ліпы. Ліпа – цене-, мароза- і ветраўстойлівая. Жыве 300-400 гадоў.
Вольга Караткевіч
Самае папулярнае
1