Намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Валянцін Вялічка
паведаміў, што гандлёвы абарот паміж Беларусьсю й Расеяй за першыя два
месяцы 2000 году павялічыўся на 40 адсоткаў.
На думку адмыслоўцаў, наўрад ці можна казаць пра вялікія дасягненьні
ў галіне ўзаемнага гандлю паміж Беларусьсю й Расеяй. Справа ў тым, што
параўнаньне вядзецца з аналягічным пэрыядам мінулага году. А на прыканцы
98-га й на пачатку 99-га году тавараабарот значна зьменшыўся ў выніку фінансавага
крызысу ў Расеі.
Паводле дакладных дадзеных, атрыманых карэспандэнтам “Свабоды” ў Міністэрстве
замежных справаў, тавараабарот з Расеяй, сапраўды, павялічыўся ў пачатку
году больш чым на 40 адсоткаў. Аднак можна канстатаваць, што Беларусь і
Расея проста выйшлі на паказьнікі ўзаемнага гандлю, якія былі напярэдадні
расейскага крызысу.
Да таго ж, сытуацыя ва ўзаемным гандлі склалася не на карысьць Беларусі
– утварылася адмоўнае сальда. Агульны аб’ём узаемных паставак склаў за
першыя два месяцы 2000 году 2,3 мільярды даляраў. Беларускае адмоўнае сальда
– 255 мільёнаў даляраў. Значная частка імпарту з Расеі – гэта энэрганосьбіты.
Таму сьцьвярджэньне, што Беларусь мае разьвіты гандаль з усходняй суседкаю,
зьяўляюцца перабольшваньнем.
Сапраўды, Расея стала найбольш буйным гандлёвым партнэрам Беларусі.
Але гэта адбылося таму, што ў іншыя краіны вельмі складана прадаць неканкурэнтаздольныя
беларускія тавары. Што тычыцца імпарту, то ў Беларусі проста не хапае грошай
на тое, каб набываць шмат тавараў на Захадзе. Да таго ж, трэба мець на
ўвазе й эканамічныя санкцыі, якія ўведзеныя Эўрапейскім Зьвязам і ЗША ў
вадносінах да Беларусі – яны таксама не спрыяюць разьвіцьцю гандлёвых зносінаў.
Ганна Навумовіч, Менск