Сёньня ў суд прымусова быў дастаўлены старшыня Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай
партыі “Народная Грамада” Мікола Статкевіч. Вось што ён паведаміў нашай
рэдакцыі па тэлефоне.
(Статкевіч: ) “Сёньня ў дзесяць раніцы на аўтамабільнай стаянцы – я
жыву за горадам у ваенным гарадку – каля аўтамабіля я быў затрыманы супрацоўнікамі
Савецкага РАУС Менску. Яны былі ў цывільным, машына на вялікай хуткасьці
заскочыла на стаянку, яны падыйшлі, патрабавалі, каб я зь імі ехаў. Я паглядзеў
іхнія пасьведчаньні – яны чамусьці былі прыкаваныя ланцужкамі, як у дзяржаўных
установах ручкі.
Я сеў у машыну “Жыгулі” і быў адвезены ў Савецкі РАУС. Там мне было
прад’яленае абвінавачаньне па артыкуле 167-3 частка другая. Гэта – арганізацыя
несанкцыянаванай дэманстрацыі. Я быў абвінавачаны ў тым, што 25 сакавіка
я арганізаваў несанкцыянаваную дэманстрацыю па вуліцах Харужай і Багдановіча.
Пасьля гэтага я быў адвезены ў суд Савецкага раёну. Там судзьдзя Іна
Шэйко вельмі катэгарычна патрабавала неадкладна разглядаць справу, хаця
там былі і відэаматэрыялы незнаёмыя, і я сказаў, што я не магу пакрыўдзіць
свайго адваката, разглядаючы справу безь яго. Але яна настойвала. Там ужо
знаходзіўся намесьнік начальніка Савецкага РАУС, зь якім мы перад гэтым
у РАУС правялі дыскусію наконт маіх правоў – мне там адмаўляліся даць магчымасьць
патэлефанаваць.
Я зразумеў, што гледзячы па ўсім, мяне ўжо павінны былі некуды везьці:
на Акрэсьціна ці на Валадарку – там ужо быў канвой, машына, усё як сьлед.
Ну але я настояў на пераносе справы, бо ў мяне яшчэ багата ўсялякіх незавершаных
справаў, у тым ліку, 1-2 красавіка – міжнародная канфэрэнцыя сацыял-дэмакратаў
з краінаў Усходняй Эўропы, бо я прэзыдэнт Усходнеэўрапейскага Сацыял-Дэмакратычнага
Форуму. Таму спадарыня Шэйко згадзілася перанесьці судовы працэс толькі
на дзевяць раніцы назаўтра”.
(Карэспандэнт: ) “Скажыце, калі ласка, паводле вашых зьвестак, хто яшчэ
з арганізатараў быў асуджаны або быў дастаўлены ў суд?”
(Статкевіч: ) “Там было багата людзей. Яны, у асноўным, другі раз ужо
прыйшлі. Гэта тыя людзі, на каго быў складзены пратакол, і яны былі адпушчаныя
ў сыботу. Яны чакалі суда. Я ведаю, што адзін сябар нашай партыі атрымаў
пяць сутак арышту”.
(Карэспандэнт: ) “Пытаньне наконт дыялёгу. Заўтра як быццам бы павінна
адбыцца перашае паседжаньне прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў. Можа
быць, паспрабуеце яшчэ раз сфармуляваць вашае стаўленьне да гэтага працэсу”.
(Статкевіч: ) “Ведаеце, дыялёг ужо адбыўся 25-га на вуліцах Менску,
я пра гэта казаў. Мы гатовыя працягнуць дыялёг 2 красавіка. Я заклікаў
да гэтага на мітынгу 25-га. 2 красавіка, у дзень, калі ўлады сьвяткуюць
аб’яднаньне з Расеяй, у 12 гадзінаў, у сквэры Янкі Купалы павінна адбыцца
ўскладаньне кветак да помніка паэту і малітва ў памяць тых, хто загінуў
за незалежнасьць краіны. Калі я буду на свабодзе, то я там буду, мы там
працягнем свой дыялёг. Калі не, дык я спадзяюся, што гэта зробяць іншыя”.
Гутарыў
Віталь Тарас
Самае папулярнае
1